У Чавусах, пакуль сям'я была ў гасцях, у іх двары згарэлі чатыры гаспадарчыя пабудовы
Здарэнне адбылося ўвечары 11 снежня ў двары дома на вуліцы Цаглянай у Чавусах, паведамляе МНС.
12.12.2024 / 11:10
У службу выратавання патэлефанаваў відавочца, які паведаміў пра пажар гаспадарчых пабудоў у двары. Мужчына распавёў, што ўжо на ўсю моц «страляе» падпалены шыфер і агонь набліжаецца да дома.
Да прыезду ратавальнікаў адкрытым полымем гарэлі чатыры гаспадарчыя пабудовы.
Гаспадароў на месцы не было, за гадзіну да гэтага яны з'ехалі ў госці.
Вяртацца ж ім давялося практычна на папялішча: знішчаны дахі драўлянай прыбудовы да дома, адрыны, гаража, летняй кухні, а таксама пашкоджана маёмасць унутры пабудоў.
Сам дом быў выратаваны супрацоўнікамі МНС.
Пажар мог адбыцца з-за пакінутай уключанай у сетку электрабытавой тэхнікі.