Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе
У размове з кіраўніком расіскага Следчага камітэта Аляксандрам Бастрыкіным Лукашэнка зноў заявіў, што беларусы нічым не адрозніваюцца ад расейцаў. Перад гэтым ён атрымаў чарговы расейскі медаль.
12.12.2024 / 13:20
Фота: Пул першага
Лукашэнка распавёў Бастрыкіну, што іх погляды на жыццё нічым не адрозніваюцца. Пры гэтым у размове ён згадаў і Пуціна, назваўшы яго проста «старшым».
«Грэх бы быў, калі б мы не сустрэліся, калі вы ў Беларусі знаходзіцеся. Маё стаўленне да вас вы ведаеце. Нашы погляды на жыццё, я б сказаў, абсалютна ідэнтычныя. Разыходжанняў практычна няма. Шмат пра вас чую, бачу, па тэлевізары, праўда, на жаль.
Старшы таксама распавядае, як вы працавалі разам, калі мы дакранаемся гэтай тэмы. Увогуле, з парадку дня ў нас не сыходзіце, з добрага парадку», — заявіў Лукашэнка.
Ён падзякаваў Бастрыкіну за садзейнічанне ва ўсіх пытаннях. І зноў пусціўся ў развагі пра тое, што беларусы нічым не адрозніваюцца ад жыхароў Пскова, дзе нарадзіўся Бастрыкін, ці Пецярбурга.
«Ведайце, што мы гатовыя ў любы момант адказаць самым-самым добрым чынам. Вы ведаеце, беларусы такія людзі — яны нічым не адрозніваюцца ад тых, хто нарадзіўся не толькі ў Пскове, але і ў Ленінградзе. Мы лічым, гэта нашы людзі. Зусім побач», — паўтарыў свой звыклы тэзіс Лукашэнка.
Бастрыкін прыехаў у Мінск, каб падвесці вынікі працы расійскага і беларускага Следчых камітэтаў. Таксама ён парадаваў Лукашэнку чарговай расійскай узнагародай: ведамасным медалём «За вернасць службоваму абавязку».