«Бедненька, але чысценька. А народ знешне не адрозніць ад нас». Расійскі чыноўнік з'ездзіў у Гомель і засумняваўся ў Маскве

Чыноўніка з Масквы Леаніда Багданава парадавала «адсутнасць экзатычных асоб і чужой мовы».

13.12.2024 / 15:04

Расійскі чыноўнік Леанід Багданаў па працы з'ездзіў у Гомель і падзяліўся сваімі ўражаннямі. У цэлым беларускі горад ён ахарактарызаваў так: «Бедненька, але чысценька», заўважыў «Флагшток».

«Дарога ад аэрапорта (ледзь не тры рэйсы ў суткі (Масква, Піцер, Шарм-аль-Шэйх) ледзь асветленая, вуліцы — было каля 21:00 — бязлюдныя (потым я зразумеў, што большасць крам і частка кавярняў і іншых ядальняў працуюць да 20 гадзін). Свецяцца толькі ліхтары на скрыжаваннях і вокны жылых дамоў. Затое замест гандлёвых цэнтраў і аўтасалонаў — яркім неонам гараць шыльды: «Гомсельмаш», «Электрапрыбор» і г.д.», — распавёў Багданаў.

Гасцініца, у якой ён спыніўся, захавала, як выказаўся чыноўнік, дух пачатку 1990-х: масіўныя ключы замест картак, «комплексны сняданак» замест шведскага стала, распушчальная кава ў пакеціках. Затое, як піша Багданаў, чыста, танна і ціха.

Мясцовы таксіст распавёў яму, што ў горад часта прыязджаюць масквічы і піцерцы — каб пагуляць у казіно і, як піша Багданаў, «аддацца загане».

«У горадзе 5 казіно (я прайшоў міма 2 на цэнтральнай Савецкай вуліцы), звонку яны ніяк не нагадвалі цэнтр граху, калі не лічыць шыльдаў. Ні ляманту, ні гучнай музыкі, ні «Ролс-Ройсаў» на стаянцы. Дык вось, людзі скардзяцца на дарагоўлю стрыптызу і прыватнага танцу», — адзначыў Багданаў.

Масквіч ад Гомеля нічога не чакаў, таму застаўся прыемна здзіўлены.

«Гэта не выбітны, без сівой даўніны, але цалкам цікавы горад. Маляўнічы круты бераг разлітага Сожа з палацавым комплексам Паскевіча-Румянцавых (горад вырас са слабады пры сядзібе і не быў губернскім), немаленькі купецкі цэнтр: пара цэркваў, адна з іх падобная на касцёл, эклектыка, а месцамі нават мадэрн, даваенны канструктывізм, утульныя сталінкі», — піша Багданаў.

Знайшоў ён у Гомелі і дамы, якія называць рускімі не стаў.

«У цэнтр укліньваецца «прыватны сектар» — і тыповыя хаты з ліштвой і аканіцамі (хацеў напісаць — рускія, але дакладна такія ж мы бачым і ў Віцебску Шагала) і зусім еўрапейскія вілачкі. Нават побач з дамамі сустракаюцца туі і ядлоўцы — а гэта дакладная прыкмета дастатку, ландшафтнага дызайну», — лічыць Багданаў.

На думку чыноўніка, жыхары Гомеля вонкава неадрозныя ад масквічоў.

«Народ знешне неадрозны ад нас, гавораць па-руску, але цішэй і спакайней. Усе моўчкі і ў запаволеным тэмпе. Спакой узмацняецца тым, што няма экзатычных асоб і чужой гаворкі. Машыны, адзенне — як у Маскве, але без крайнасцяў — не бачыў «Мэрсэдэсаў» і «Поршаў», не бачыў бамжоў і жабракоў», — падзяліўся госць з Расеі.

Паездка ў Гомель наштурхнула Багданава на філасофскія разважанні.

«Вяртанне ва Унукава і паездка на таксі па вячэрняй Маскве — выклікаюць адначасова гонар (усё ззяе, зіхаціць, кліча гандлёвымі цэнтрамі і заблытвае эстакадамі і развязкамі) і сумнеў — а Масква ці гэта? Ці мой гэта горад?»— задаўся пытаннем расійскі чыноўнік.

Nashaniva.com