Парламент Грузіі прыняў закон аб забароне масак на пратэстах

Тым часам сотні грамадзян Грузіі выйшлі на вуліцы Тбілісі з патрабаваннем прызначэння новых парламенцкіх выбараў, піша Newsgeorgia.ge.

13.12.2024 / 15:22

Парламент Грузіі большасцю галасоў на пасяджэнні ў пятніцу прыняў закон, які забараняе насіць маскі і закрываць твары падчас акцый пратэсту.

«82 галасы за, ніводнага супраць. Папраўкі ў закон аб сходах і маніфестацыях прынятыя», — заявіў спікер парламента Шалва Папуашвілі.

Тым часам сотні грамадзян Грузіі выйшлі на вуліцы Тбілісі з патрабаваннем прызначэння новых парламенцкіх выбараў. Прадстаўнікі розных сфер спланавалі мітынгі на некалькіх лакацыях. Адтуль яны адправіліся ў пратэсныя шэсці.

Удзельнікі акцыі нясуць сцягі Грузіі і Еўрасаюза, плакаты з патрабаваннем вызвалення затрыманых дэманстрантаў, скандуюць «Страйк».

Пратэставаць выйшлі студэнты, работнікі IT-сферы, фінансавага сектара, стартаперы, HR-спецыялісты, музыканты, прадстаўнікі крэатыўнай сферы, маркетолагі. Пазней сёння да іх далучацца юрысты, дактары, вінаробы. Калоны суправаджае патрульная паліцыя.

Заўтра ў парламенце павінны адбыцца выбары прэзідэнта Грузіі.

Nashaniva.com