Стала вядома, колькі афіцэраў у беларускае войска сёлета прызвалі з запасу

Ваенкам Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка раскрыў інфармацыю аб колькасці афіцэраў запасу, якіх у гэтым годзе мелі прызваць на службу, заўважыў «Беларускі Гаюн». 

13.12.2024 / 16:37

Па словах ваенкама Гродзенскай вобласці, на 2024 год быў вызначаны план прызыву 1000 афіцэраў запасу. З падначаленай яму Гродзенскай вобласці было прызвана 138 чалавек.

Такім чынам, канстатуе «Беларускі Гаюн», у 2024 годзе ў беларускае войска планавалі прызваць столькі афіцэраў запасу, колькі дагэтуль прызывалася сумарна за перыяд з 2016 па 2023 гады. Ці ўдалося ваенкаматам сёлета выканаць гэты амбіцыйны план — не паведамлялася.

Афіцыйна прычынамі прызыву афіцэраў запасу называецца дзве:

1) павышэнне ўзроўню ўкамплектаванасці першасных пасад афіцэрскага складу (закрыць «кадравыя дзіркі»);

2) забеспячэнне падрыхтоўкі мабілізацыйнага рэзерву (даць магчымасць дрэнна падрыхтаваным выпускнікам ваенных кафедраў атрымаць практычны вопыт).

Да пералічаных прычын, на думку «Беларускага Гаюна», можна дадаць яшчэ адну — стварэнне кадравага рэзерву для падраздзяленняў, Паўднёвага аператыўнага камандавання, якое цяпер фарміруецца.

Указ Лукашэнкі №179 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу» быў апублікаваны ў канцы красавіка 2024 года. Дакументам прадугледжваўся прызыў у 2024 годзе на службу ва УС РБ і памежную службу афіцэраў запасу, якія скончылі вайсковую кафедру і не прайшлі тэрміновую службу. 

Асаблівасцю дакумента стала тое, што колькасць прызываных афіцэраў была засакрэчаная. Гэта другі падобны выпадак (першы быў у 1994 годзе) у гісторыі суверэннай Беларусі.

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў

Вальфовіч расказаў пра новую ідэю прызыву з запасу

«Сёлета 90% пойдуць у войска». Выпускнікоў вайсковых кафедраў масава прызываюць служыць

Nashaniva.com