«Некаторыя віцябляне паводзілі сябе вельмі годна». Сведкі пажару ў гандлёвым цэнтры падзяліліся ўражаннямі
Сведкі пажару расказалі каналу «Витебск, я гуляю!», што агонь у гандлёвым цэнтры «Беларусь», што сёння ўвечары загарэўся ў Віцебску, распаўсюджваўся хутка, вельмі шмат чаго выгарала ў павільёнах.
13.12.2024 / 19:56
Фота: «Витебские вести»
Але пры гэтым некаторыя віцябляне з ліку наведвальнікаў і работнікаў цэнтра паводзілі сябе вельмі годна. Нягледзячы на небяспеку, яны выводзілі да апошняга людзей, якія паспелі спалохацца, надыхацца гарам і былі дэзарыентаваныя.
Таксама канал піша, што па горадзе распаўсюджваецца пах гарэлага пластыку, «у раёне плошчы Перамогі знаходзіцца невыносна».
Усяго з будынка, як паведамлялася, эвакуявалі 215 чалавек. Дзясятак з іх ратавальнікі забралі з вокнаў з дапамогай пажарных лесвіц.
Паведамляецца, што ў Віцебскай абласной бальніцы знаходзяцца 6 пацярпелых. Яшчэ адзін знаходзіцца ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Трое са шпіталізаваных знаходзяцца ў цяжкім стане. Вядома, што яшчэ трое чалавек звярнуліся ў медыцынскія ўстановы самастойна.
Для пацярпелых улады адкрылі лініі псіхалагічнай дапамогі, што можа сведчыць пра сур'ёзнасць наступстваў. Да будынка гандлёвага цэнтра прыехала кіраўніцтва горада, адмененыя ўсе запланаваныя на сёння перадсвяточныя мерапрыемствы. Каля гандлёвага цэнтра закрыты пешаходны рух.
«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Як гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА
У Віцебску загарэўся гандлёвы цэнтр. Ёсць пацярпелыя
У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла