У Сабор Нотр-Дам урачыста вярнулі цярновы вянок Ісуса
Лічыцца, што ён быў на галаве Ісуса падчас укрыжавання.
14.12.2024 / 08:45
Фота: Pascal Le Segretain / Getty Images
У адноўлены пасля пажару Сабор Парыжскай Божай Маці ў пятніцу ўрачыста вярнулі адну з галоўных хрысціянскіх рэліквій — цярновы вянок, які, як прынята лічыць, быў на галаве ў Ісуса Хрыста пры распяцці на Галгофе, піша Бі-бі-сі.
Цырымонію ўнясення цярновага вянка, выратаванага падчас пажару пяць гадоў таму, узначаліў арцыбіскуп Парыжскі Ларан Ульрых, у ёй удзельнічалі члены рыцарскага ордэна Святой труны гасподняй Ерусалімскай.
Рэліквія складзеная ў новы крыштальны футляр з арнаментам з золата.
У 1239 годзе кароль Францыі Людовік IX аддаў за цярновы вянок палову гадавых выдаткаў сваёй казны — 135 тысяч ліўраў. Вянок захоўваўся ў Канстанцінопалі і пасля захопу горада крыжакамі апынуўся ў руках пастаўленых імі кіраўнікоў, а затым быў закладзены ў венецыянцаў, у якіх і выкупіў рэліквію французскі кароль.
Першыя некалькі стагоддзяў вянок захоўваўся ў каралеўскай царкве Сэнт-Шапель, а ў 1806 годзе быў перанесены ў размешчаны побач Нотр-Дам, дзе і прабыў да пажару 2019 года.
Калі сабор загарэўся, пажарныя і паліцэйскія сталі ў жывы ланцуг і выратавалі ад агню і вянок, і іншыя рэліквіі з сабора.
Пакуль сабор аднаўлялі, вянок захоўваўся ў Луўры, дзе яму зрабілі новую раку — футляр.
На агляд публікі рэліквія будзе выстаўленая 10 студзеня.
Сабор Парыжскай Божай Маці ўрачыста адкрылі 8 снежня. Аднаўленне сабора, у якім удзельнічалі каля дзвюх тысяч рэстаўратараў, муляроў, цесляроў, скульптараў, інжынераў і іншых спецыялістаў, працягвалася пяць гадоў і абышлося ў 700 млн еўра.
На цырымонію адкрыцця прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон запрасіў лідараў многіх краін свету.
У Парыжы ўрачыста адкрылі адноўлены Нотр-Дам ФОТЫ