Фонд Талая прывёз у Беларусь яшчэ дзесяць дзяцей з акупаванага Данбаса
Дзесяць дзяцей з акупаванай Расіяй часткі Данецкай вобласці Украіны прыехалі ў Астрашыцкі Гарадок пад Мінскам на запрашэнне фонду Аляксея Талая, паведамілі «Мінск-Навіны».
14.12.2024 / 18:55
Фота: «Мінск-Навіны»
У матэрыяле дзеці названыя «падапечнымі грамадскай арганізацыі «Дэльфіны». Гэтую данецкую структуру ўзначальвае Вольга Волкава, якая супрацоўнічае з акупацыйнымі ўладамі.
Паведамляецца, што дзеці прыбылі ў Беларусь «у суправаджэнні дзесяці дарослых», мяркуючы па далейшым тэксце, бацькамі. Заяўленая мэта паездкі — «двухтыднёвае аднаўленчае лячэнне», прычым некаторыя з дзяцей «прайшлі ўжо паўторны курс».
Верагодна, дзяцей прывезлі ў Рэспубліканскую дзіцячую бальніцу медыцынскай рэабілітацыі, размешчаную ў Астрашыцкім Гарадку.
Намесніца дырэктара па сацыяльнай працы фонду Талая Алена Ярашэвіч заявіла агенцтву «Мінск-Навіны», што беларускія лекары «аказалі дзецям тую дапамогу, якую яны раней не маглі атрымаць у Данецку», у выніку чаго тыя «сталі лепш гаварыць, хадзіць».
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў расцэньваюць масавы прывоз у Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый іх незаконным перамяшчэннем — злачынствам, якое мусіць разглядаць Міжнародны крымінальны суд. Вядома, што вывезеныя ў Беларусь украінскія дзеці падвяргаюцца перавыхаванню і мілітарызацыі, хоць афіцыйна мэты іх прывозу ў Беларусь заўсёды заяўляюцца як чыста гуманітарныя.
Аляксей Талай — Пуціну: Мы — рускія, з намі Бог!
У Беларусь зноў прывезлі дзяцей з Данбаса
Расійскі Чырвоны Крыж патрабаваў ад Шаўцова і кампаніі ўзгадняць паездкі на акупаваны Данбас