Памёр рэжысёр фільма «Гуд бай, Ленін!»
13 снежня памёр рэжысёр фільма «Гуд бай, Ленін!» Вольфганг Бекер, піша The Hollywood Reporter са спасылкай на яго сям'ю. Бекеру было 70 гадоў, а памёр ён ад цяжкай хваробы.
14.12.2024 / 21:10
Вольфганг Бекер. Фота: Wikimedia Commons
Трагікамедыя «Гуд бай, Ленін!», знятая ў 2003 годзе, расказвае гісторыю берлінскай сям'і, што жыла ў ГДР. У ёй маці надоўга трапіла ў кому, а выйшла з яе ўжо пасля падзення Берлінскай сцяны і краху камунізму. Яе сын, не жадаючы трывожыць маці, якая не выходзіць з кватэры, не кажа ёй пра аб'яднанне Германіі і стварае для яе свет, у якім ГДР усё яшчэ існуе: пераапранаецца ў тую ж вопратку, купляе тую ж ежу і нават здымае «выпускі навін» з мінулага.
«Гуд бай, Ленін!» атрымаў мноства нацыянальных узнагарод, а таксама быў прызнаны найлепшым фільмам Еўрасаюза ў 2004 годзе на кінапрэміі «Сезар».
Сам Бекер нарадзіўся ў ФРГ і вывучаў кіно ў Заходнім Берліне. У 1994 годзе ён стаў сузаснавальнікам Берлінскай прадзюсарскай кампаніі X Filme Creative Pool разам са сваімі сябрамі — рэжысёрамі Томам Тыкверам і Дані Леві і прадзюсарам Стэфанам Арндтам.
Памёр рэктар БелДУТ Юрый Кулажанка
Памёр Пётр Фідэрмак — славацкі святар, які прычыніўся да будаўніцтва нунцыятуры ў Мінску