Пад Браславам затрымалі мужчыну, які абакраў царкву і некалькі дамоў
З царквы ён вынес абразы, крыжы, гравюры, кнігі.
15.12.2024 / 21:52
У Браслаўскім раёне затрымалі мясцовага жыхара, якога падазраюць у абкраданні храма і пустуючых дамоў.
У сакавіку мінулага года ў вёсцы Кірыліна з царквы зніклі абразы, крыжы, гравюры, кнігі. Пра здарэнне ў міліцыю паведаміла жанчына, якая падтрымлівала ў капліцы парадак. Улічваючы невялікую колькасць вернікаў, настаяцель праводзіў тут набажэнствы толькі па праваслаўных святах. Таму перш, чым аб абуральным злачынстве стала вядома, прайшлі не адны суткі.
На след зламысніка міліцыя выйшла ў лістападзе гэтага года, паведамляе МУС. Яны расследавалі іншае здарэнне і ў доме раней судзімага за крадзеж 54-гадовага мужчыны заўважылі некалькі старадаўніх абразоў.
Баючыся затрымання, ён вывез абразы і крыжы ў суседні раён. А ад таго, што было складана прадаць, пазбавіўся. Ён разлічваў прадаць царкоўную маёмасць калекцыянерам, аднак не знайшоў зацікаўленых.
Аказалася таксама, што вясной мінулага года вясковец пракраўся ў два пустуючыя дамы ў Кірыліне і прысвоіў некалькі абразоў і малітоўнік. А з адной пабудовы ён вынес металічныя прадметы побыту, якія пасля здаў у пункт прыёму.
Вёска Кірыліна знаходзіцца за 15 кіламетраў ад месца жыхарства мужчыны. Калі яго спыталі пра зніклыя абразы, той апраўдваўся, што гэта яму пакінулі памерлыя сваякі. Але пасля прызнаўся ў крадзяжы.