Расійскі амбудсмэн прапанавала стварыць трыбунал Беларусі і Расіі, каб судзіць украінцаў за «неагенацыд»

Таццяна Маскалькова заклікала арганізаваць міжнародны трыбунал з удзелам Беларусі і Расіі.

16.12.2024 / 13:42

Таццяна Маскалькова. Фота: прэс-служба Упаўнаважанага па правах чалавека ў Расіі

Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расіі прыдумала новы тэрмін — «неагенацыд» у Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Харкаўскай абласцях. 

Пры гэтым у злачынствах яна абвінаваціла Украіну, піша «Спутнік».

«Вельмі важна, каб барацьба з генацыдам на пляцоўцы нашай «саюзнай дзяржавы» была забяспечана сумеснымі намаганнямі. Генацыд — гэта не толькі Другая сусветная. Неагенацыд — гэта сённяшні дзень», — лічыць Маскалькова.

Яна мяркуе, што для разгляду спраў аб «неагенацыдзе» трэба стварыць міжнародны трыбунал з удзелам Беларусі і Расіі.

Генацыд, які нібыта праводзілі ўкраінскія ўлады ў Данецкай і Луганскай абласцях, Расія ў асобе Уладзіміра Пуціна выкарыстоўвала як адну з падстаў для пачатку поўнамаштабнай вайны. Пры гэтым ні адна з маніторынгавых груп, якая працавала на Данбасе з 2014 года, не фіксавала масавых забойстваў мірнага насельніцтва ўкраінцамі, а колькасць ахвяр сярод мірных жыхароў у выніку боесутыкненняў нават па статыстыцы непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» пасля 2015 года рэзка скарацілася.

Больш за тое, сама Расія не звярталася ў ААН з падобнымі абвінавачваннямі і не прадставіла ніводнага доказу гэтага генацыду.

У 2022 годзе, калі Украіна падала пазоў у ААН супраць Расіі наконт абвінавачванняў у генацыдзе, расійскі бок назваў выказванні Пуціна «рытарычным прыёмам» і заявіла, што Расія не спасылаецца на Канвенцыю аб генацыдзе.

Nashaniva.com