Беларуская літаратура: ілюзія, што ўсе пісьменнікі выехалі
З-за навін пра новыя беларускія выдавецтвы за мяжой, кніжныя кірмашы і прэзентацыі, новыя творы, часам ствараецца ўражанне, быццам кнігі паглынаюць вялізнымі накладамі. Але гэта пакуль не так. І прычыны не толькі ў праблемах, якія ўзніклі пасля 2020.
16.12.2024 / 13:33
Крытык Дзяніс Марціновіч у Dekoder разважае пра тое, як незавершаная рэвалюцыя змяніла беларускую літаратуру. Прыводзім ніжэй гэты артыкул.
У Варшаўскай краме выдавецтва «Янушкевіч» стартавалі продажы новага перакладу «Ведзьмара» Анджэя Сапкоўскага, прэзентацыя Уладзіміра Някляева ў Вільні сабрала аншлаг — а ў Мінску абвясцілі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу.
Прыклады, якія, здавалася б, кажуць самі за сябе, можна памнажаць і памнажаць. У Беларусі разграмілі сетку незалежных выдавецтваў («Янушкевіч», «Галіяфы» і іншыя), але частка з іх працягнула працу ў эміграцыі, дзе з'явіліся нават новыя: «Гутэнберг», «Мяне няма».
ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў закрытыя. Аднак першы ўжо паспяхова дзейнічае за мяжой, на змену другому прыйшоў міжнародны Саюз беларускіх пісьменнікаў, яго сайт — ужо фактычна паўнавартаснае медыя. У краіне больш няма часопіса «Дзеяслоў», але замест яго за мяжой выходзіць «Апостраф».
Колькасць «экстрэмісцкіх» кніг у Беларусі пераваліла за паўсотні. Сярод іх і сучасная проза, (у таго ж Альгерда Бахарэвіча ў спісе, акрамя «Сабак Еўропы», яшчэ «Апошняя кніга пана А.»), і класіка, такая як творы Ларысы Геніюш. За мяжой гэтыя кнігі не складана купіць.
У эміграцыі праводзяцца прэзентацыі, фестывалі, уручаюцца прэміі. Здавалася б, пішы, выдавайся! У тых жа «Сабак Еўропы» — ужо пятае выданне. Што яшчэ трэба для аўтарскага і чытацкага шчасця?
Але праблемы белліту пачаліся не ў 2020-м — тады проста здарылася так, што новыя абрынуліся на тую культурную сферу, якая ўжо знаходзілася ў крызісе. А старыя нікуды не дзеліся.
Непрафесійная літаратура
Галоўнай праблемай на працягу дзесяцігоддзяў заставалася татальная русіфікацыя, якая пазбаўляла літаратуру прытоку чытачоў, аддаляючы іх ад яе. Беларусь знаходзілася ў расійскім інфармацыйным полі, і расійская літаратура аднымі ўспрымалася проста як свая, для іншых жа — нягледзячы на разуменне яе «замежнасці» — была бліжэйшай і больш зразумелай, чым беларуская.
Падручнікі па белліце пакідалі жадаць лепшага. Акцэнт у іх рабіўся на тэмах, звязаных з Другой сусветнай вайной і жыццём у вёсцы. Так беларуская літаратура на старце губляла патэнцыйных чытачоў з ліку сучасных гарадскіх школьнікаў, якія ўсё горш разумеюць гэтыя рэаліі.
Вынікам стала адсутнасць паўнавартаснага рынку. Слабы інтарэс да беларускамоўных кніг зніжаў наклады, а 20-працэнтны ПДВ, ад якога адмовіліся ў той жа Украіне, павялічваў цэны на кнігі. Тыражы былі невялікія, аўтарскія ганарары — невысокія. Пісьменнікі часцей за ўсё не маглі займацца адной літаратурай і пісалі ў вольны ад асноўнай працы час, што адбівалася на ўзроўні і колькасці кніг. Ды яшчэ і былі вымушаныя самі распаўсюджваць іх: у выдавецтваў часцей за ўсё рэсурсаў на гэта не было. Каб далёка не хадзіць па прыклады — так рабіў і аўтар гэтага тэксту, напісаўшы дзве кнігі пра Уладзіміра Караткевіча.
Літаратурнай крытыкай займаўся з дзясятак чалавек і таксама ў вольны час. Узнікала замкнёнае кола.
Зрэшты, усплёскі цікавасці да беларускай літаратуры ўсё ж здараліся. Напрыклад, да творчасці Андруся Горвата, які ўварваўся да чытачоў са сваім «Радзівам Прудок». Або да Віктара Марціновіча, які кожныя год-два выпускаў у 2010-я новую кнігу і збіраў чэргі падчас аўтограф-сесій. Былі і прыклады паспяховага краўдфандынгу, дзякуючы якому выйшаў пераклад твораў Святланы Алексіевіч на беларускую.
Такія кейсы маглі вырашыць прыватную праблему: распаўсюдзіць канкрэтную кнігу або раскруціць канкрэтнага аўтара, — аднак не маглі змяніць дзяржаўную палітыку і запусціць механізмы рынку.
Пераадолець русіфікацыю ў сабе
У эміграцыі ўдалося адрадзіць літаратурны працэс у незалежным сегменце ў дарэвалюцыйным выглядзе, вярнуць яго ў стан «да 2020-га» і нават рушыць наперад.
Напрыклад, па-беларуску працягваюць выходзіць часткі культавага «Ведзьмара» Сапкоўскага (пераклад Кацярыны Маціеўскай), з'явіўся першы ліцэнзійны «Валадар пярсцэнкаў» Толкіна (праца Ігара Кулікова). А вось «Гары Потэра» (пераклад Алены Пятровіч) на паўзе: праваўладальнікі не захацелі звязвацца ні з чым беларускім, пакуль Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі.
Усе гэтыя праекты выходзілі ў выдавецтве «Янушкевіч», найбольш буйным з тых, што працуюць за мяжой. Свае фішкі ёсць і ў іншых. Да прыкладу, «Гутэнберг» стаў выдаваць па-беларуску папулярнага ў масавага чытача Сашу Філіпенку («Былы сын», «Крэмулятар»), у «Вясне» выходзіць на беларускай мове літоўская класіка (напрыклад, «Туўла» Юргіса Кунчынаса) і г. д.
Чытачы рассеяны па свеце, і выдавецтвам прыйшлося прыстасоўвацца. Кнігі рассылаюць поштай, больш актыўна ўдзельнічаюць у кірмашах і фестывалях, выпускаюць электронныя выданні, выкарыстоўваюць пляцоўкі тыпу Amazon і гэтак далей. Беларускія выдаўцы выйшлі на новы ўзровень, і ў дыяспары ёсць усе магчымасці для атрымання кніг.
Асноўная праблема — у памеры аўдыторыі. Бо новая рэальнасць аўтаматычна не вызвалілася ад уплыву той сітуацыі, што гадамі складвалася перад 2020-м.
Эмігранты не маглі раптоўна пераадолець наступствы шматгадовай русіфікацыі, хай нават падзеі 2020 года і далі для гэтага магутны эмацыйны штуршок.
«Тут няма татальнага дыктату рускага свету, гэтага ціску — інфармацыйнага, культурнага, медыйнага, які не дае развівацца беларускаму. < … > Таксама тут няма пастаянага змагання з расійскім прадуктам <…>, што падсвядома вельмі дапамагае — у цябе быццам расчышчанае поле. Бяры, засейвай і працуй», — казаў у інтэрв'ю Андрэй Янушкевіч.
Але гэта не хуткі працэс. Бо знаходжанне ў расійскім інфармацыйным полі не абавязкова прывязана да геаграфіі. Гэта выбар, зроблены ў свядомасці канкрэтнага чалавека, і многія захоўваюць яму вернасць.
Самы высокі ганарар — 446 еўра
Паўнавартаснага кніжнага рынку — што ў Беларусі, што ў эміграцыі — як не было, так і няма. Выкарыстанне краўдфандынгу толькі даказвае, што ў кнігавыдавецтве не з'явілася вялікіх грошай. Аляксандр Чарнуха сабраў 4,3 тысячы еўра на выданне новага зборніка апавяданняў, выдавецтва «Янушкевіч» — такую ж суму на пераклад «Графа Монтэ-Крыста» на беларускую. Выдавецтвы па-ранейшаму вымушаныя звяртацца па дапамогу да чытачоў і прыватных спонсараў.
Нядзіўна, што пісьменнікі па-ранейшаму не жывуць з ганарараў ад накладаў. Празаік Сяргей Календа, як і раней, працуе цырульнікам. Паэт Андрэй Хадановіч па-ранейшаму выкладае: цяпер ён вядзе «Перакладчыцкую майстэрню». Лаўрэат прэміі Гедройця Сяргей Дубавец актыўна піша для «Радыё Свабода». І гэтак далей.
Важна, што існуюць еўрапейскія стыпендыі. Напрыклад, па адной з іх Альгерд Бахарэвіч і паэтка Юлія Цімафеева жылі ў аўстрыйскім Грацы, цяпер — у Германіі.
З-за багацця навін пра тое, як адкрываюцца новыя выдавецтвы, як беларусы актыўна ўдзельнічаюць у кніжных кірмашах і прэзентацыях, як новыя аўтары пішуць усё новыя творы, часам ствараецца ўражанне, быццам дыяспара паглынае кнігі вялізнымі накладамі. І спажыванне сапраўды павялічылася — але не радыкальна, а наклады застаюцца сціплымі.
«Ад выдаўцоў я ў розны час чуў пра такі крытэр: поспех — гэта калі ты выдаеш аўтара, а яго кнігі за год прадаюцца накладам у тысячу асобнікаў, — кажа Павел Анціпаў, дырэктар выдавецтва «Мяне няма», дадаючы: — Тысячу за год мы прадалі — але ўсіх разам». Пры гэтым амаль палова прыйшлася на аднаго аўтара (без удакладнення, на якога менавіта).
Поспехам выдавец будзе лічыць продаж у агульнай складанасці 5 тысяч асобнікаў кніг аўтара. Дарэчы, на такія ж тыражы разлічваюць і выдаўцы ўнутры Беларусі.
У «Мяне няма» аўтар атрымлівае 1 еўра з кожнага прададзенага асобніка, максімальны выплачаны ганарар — 446 еўра.
Андрэй Янушкевіч аперыруе больш буйнымі лічбамі: за першую палову 2024 года яго кнігарня ў Варшаве прадала 1,6 тысячы тамоў. Агульная колькасць распаўсюджаных праз яго пляцоўкі кніг за гэты перыяд склала амаль 7 тысяч асобнікаў.
Гэта добрыя паказчыкі з улікам турбулентнасці, калі працу давялося пачынаць з нуля. Але — і гэта разумеюць усе ўдзельнікі літаратурнага працэсу — далёка не столь. У цэлым тыражы застаюцца на ўзроўні дарэвалюцыйных гадоў, калі выключыць некаторых канкрэтных паспяховых пісьменнікаў.
У пошуку бяспечных ніш
У самой Беларусі да праблем, якія існавалі і да 2020 — перш за ўсё, да русіфікацыі, — дадаліся новыя. Галоўная — атмасфера ў грамадстве: умяшанне ў літаратурны працэс можа адбыцца ў любы момант. Адкрыць незалежнае выдавецтва немагчыма, колькасць пляцовак для прэзентацый скарацілася, СМІ, што засталіся, пішуць пра літаратуру яшчэ менш, чым раней, спісы нядобранадзейных аўтараў ніхто не адмяняў. За апошнія некалькі гадоў у Беларусі для больш-менш масавага чытача не прагучала ніякіх новых імёнаў.
Няўжо сапраўдная беларуская літаратура сапраўды захавалася толькі ў эміграцыі? Адказваючы на гэтае пытанне станоўча, мы трапляем у своеасаблівую псіхалагічную пастку.
Да рэвалюцыі ў краіне паралельна развіваліся два сегменты літаратуры: незалежны і дзяржаўны. Характэрны прыклад: за 2020 год прэмію імя Ежы Гедройця, якая тады яшчэ ўручалася ў Беларусі, атрымала Ева Вежнавец, аўтарка аповесці «Па што ідзеш, воўча?». Гэтую кнігу пераклалі на нямецкую, чэшскую і нарвежскія мовы. У тым жа 2021 годзе дзяржаўную нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «публіцыстыка» атрымаў за кнігу мемуараў Аляксандр Радзькоў, у мінулым высокапастаўлены чыноўнік.
На фоне масавай эміграцыі ўзнікла ілюзія, што незалежны сегмент літаратуры з'ехаў, а застаўся толькі дзяржаўны. Насамрэч, не ўсе «альтэрнатыўныя» пісьменніцы і пісьменнікі аўтаматычна эмігравалі. Кожны выбраў сваю стратэгію адаптацыі да новых рэалій. Адны выкарыстоўваюць Захад як пляцоўку для публікацый сваіх твораў (у лонг-лісце прэміі Гедройця за апошні год ёсць аўтары, якія жывуць па абодва бакі мяжы). Другія пішуць у стол — аб іх творах мы даведаемся пазней. Трэцім застаецца арыентавацца на нешматлікія незалежныя праекты, ствараць іх самім (напрыклад, сайт пра літаратуру) ці спрабаваць трапіць у дзяржаўныя часопісы ці дзяржвыдавецтва.
Застаюцца і больш бяспечныя, але важныя нішы: дзіцячая літаратура, краязнаўства, літаратуразнаўства, пераклады, перавыданне твораў класічнай літаратуры і вывучэнне яе. Так, дарэчы, паступалі і ў СССР. Напрыклад, у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» працягваецца выхад 25-томнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча — яго рыхтуе калектыў на чале з навукоўцам Анатолем Вераб'ём.
«Сам здзіўляюся, колькі ў мяне панапісвана! Хацелася б гэта надрукаваць. А дзе? Наклад «Дзеяслова» ўсяго трыста асобнікаў. І ён не ідзе ні ў «Белсаюздрук», ні ў бібліятэкі, ні ў школы. А «Полымя» ўсё ж ідзе», — казаў у 2023 годзе 83-гадовы Віктар Казько, калі незалежны часопіс «Дзеяслоў» яшчэ выходзіў.
У яго словах — логіка і матыў пісьменнікаў, гатовых да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі часопісамі. Хоць трапіць у іх цяпер той яшчэ квэст. Друкавацца ж ці не з літаратарамі, узровень майстэрства і палітычная пазіцыя якіх могуць моцна адрознівацца, — асабісты выбар кожнага. Аднак такая прадукцыя ўсё ж распаўсюджваецца па Беларусі, частка накладу абавязкова пойдзе ў бібліятэкі.
Наколькі ж даступная ў «метраполіі» літаратура, створаная ў эміграцыі, вам публічна не адкажа ніхто, хоць бы дзеля бяспекі чытачоў. Відавочна, што кнігі ў Беларусь перадаюцца, але якія і ў якой колькасці, невядома. Улічваючы агульныя тыражы, лічбы будуць невялікія.
Пасляслоўе
Беларускай літаратуры — адзінай, нягледзячы на падзеі апошніх гадоў, — складана і дома, і за мяжой. Проста ў розных прасторах яна сутыкаецца з праблемамі рознага ўзроўню. У гэтых турбулентных умовах добра, што існуе дыяспара, якая выступае маторам тэхналагічнага працэсу і пляцоўкай, дзе можна выпусціць тое, што думаеш, без выкарыстання эзопавай мовы. І важна, што застаецца «метраполія», дзеля жыхароў якой, у першую чаргу, і ствараюцца творы.
Адышоўшы ад першага шоку, белліт сапраўды падаў прыкметы адраджэння. Не, не ўваскрос як птушка Фенікс, а, хутчэй, прарос як трава скрозь асфальт. Наколькі яшчэ вырасце, прадказаць не можа ніхто. Цяпер у беларусаў няма рэсурсаў радыкальна змяніць умовы існавання белліту, але ёсць магчымасці развіваць яго ў чаканні лепшых часоў.