«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ
Беларускага дыпламата з пасольства Беларусі ў Малдове, якога нібыта спрабавалі завербаваць у Кішынёве польскія спецслужбы, завуць Уладзімір Зубкоў. Ён з'яўляўся супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Reform.news даведаўся яго імя і падрабязнасці яго жыццёвага шляху.
16.12.2024 / 13:54
У рэпартажы пра спецаперацыю КДБ у Малдове, які 10 снежня паказалі ў эфіры «Беларусь 1», сцвярджалася, што польскі дыпламат прапанаваў беларускаму калегу 100 тысяч еўра за працу на спецслужбы Польшчы, але беларус адмовіўся ад супрацоўніцтва, змог запісаць іх размову і нават зняць частку сустрэчы на відэа. Было агучана толькі імя беларускага дыпламата. Яго завуць «Валодзя». Так яго называў польскі калега Марцін Грабовіч. Інтэрв'ю з «Валодзем» беларускімі прапагандыстамі запісвалася са спіны. Твар быў схаваны. Прозвішча не называлася.
У беларускай амбасадзе не так шмат дыпламатаў з імем Уладзімір. Дакладней такіх дыпламатаў усяго адзін — гэта Уладзімір Зубкоў. У сеціве практычна няма інфармацыі пра дыпламата Уладзіміра Зубкова, невядома нават яго імя па бацьку, але досыць шмат згадак пра выпускніка Вайсковай акадэміі Беларусі Уладзіміра Анатольевіча Зубкова.
Гэты Зубкоў нарадзіўся 3 жніўня 1984 года. Вучыўся ў Мінскім сувораўскім вучылішчы (46-ы выпуск, другая рота). Затым паступіў у Вайсковую акадэмію на факультэт пагранічных войскаў.
8 мая 2015 года Зубкову ўручылі медаль «за ўклад у стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза» III ступені. Мяркуючы па ўзнагародным дакуменце, у памежнікі «Валодзя» не пайшоў, а працаўладкаваўся ў Галоўнае ўпраўленне КДБ Беларусі. У 2015 годзе ён працаваў на пасадзе «галоўны рэферэнт аддзела ГУ КДБ РБ».
Reform.news звярнуўся па дапамогу да «Кіберпартызанаў». Сапраўды, у пасольстве Беларусі ў Малдове ў якасці дарадцы працуе той самы кадравы супрацоўнік КДБ Уладзімір Анатольевіч Зубкоў.
Ці можа кадравы супрацоўнік КДБ працаваць у пасольстве дарадцам? Па словах былога дыпламата Валерыя Кавалеўскага з Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, такое бывае.
«Супрацоўнік спецслужбы адкрыта заяўляе: «Я прыехаў ад КДБ, мая задача — контрразведка, супрацоўніцтва з мясцовымі спецслужбамі па пытаннях барацьбы з тэрарызмам, наркатрафікам і гэтак далей».
Аднак, адзначае Кавалеўскі, бываюць сітуацыі, калі работнікі спецслужбаў прыязджаюць пад прыкрыццём. У такім выпадку ўлады прымаючай краіны могуць выслаць такіх супрацоўнікаў з-за дзейнасці, якая не адпавядае заяўленай мэты.
Цалкам тэкст па спасылцы.