Махляры скралі фатаграфію беларуса і цяпер з дапамогай яго партрэту разводзяць на грошы жанчын у Расіі

Маркетолаг Аляксандр Дземідовіч расказаў, што яго фотаздымкі і некаторыя дэталі з біяграфіі выкарыстоўваюць у Расіі, каб разводзіць жанчын на грошы. Сам ён даведаўся пра гэта ад знаёмых. Сума выкрадзенага ўжо перавысіла $100 тысяч.

16.12.2024 / 19:49

Махляры пішуць жанчынам у тэлеграме ці ў сацыяльных сетках з мэтай пазнаёміцца. Паступова, калі дыялог выходзіць на даверлівы ўзровень, як бы між радкоў расказваюць, што цікавяцца інвестыцыямі і прапаноўваюць навучыцца укладаць у крыптавалюту і гандляваць на біржы.

Скрыншоты: x.com/ohanastas

Сяброўка адной з пацярпелых жанчын пакрокава распавяла, як нейкі Сяргей — са знешнасцю і цікаўнасцямі беларуса Аляксандра Дземідовіча — за пару месяцаў зрабіў так, што па яго інструкцыях пацярпелая прадала сваю машыну і ўлезла ў пазыкі амаль на сто тысяч даляраў.

Махляр даслаў жанчыне фотаздымак Аляксандра Дземідовіча, выдаючы яго за свой партрэт

Усё гэта рабілася пад выглядам клопату махляра пра жанчыну, якую ён «пакахаў» і таму хацеў навучыць яе зарабляць грошы на біржы.

Важна адзначыць, што махляр вёў з жанчынай не толькі перапіску, але і сазваньваўся, у тым ліку з відэа. Праўда, на відэа з жанчынай размаўляў штучна згенераваны інтэлект, пра што яна не здагадалася, бо не была знаёмая з нюансамі тэхналогіі, а таксама моцна закахалася ў «Сяргея Андропава», візуалізуючы іх хуткую сустрэчу (якая зрывалася па прычыне таго, што ў яго «захрас» нейкі важны груз) і шчаслівую будучыню разам.

Сяргей перастаў адказваць «каханай», як толькі яна прадала сваю машыну, каб павялічыць чарговую стаўку. Яе рахунак рэзка замарозілі. Для разблакіроўкі патрабаваліся чарговыя грошы — жанчына іх унесла, але нібыта дапусціла памылку ў адрасе кашалька, і ўсе яе назапашванні зніклі з рахунку. Біржа зноў патрабавала грошы за тэхнічную паслугу, каб вярнуць сродкі. Сяргей жа папросту знік, і толькі тады жанчына зразумела, што стала ахвярай махляроў.

Скрыншоты: x.com/ohanastas

Колькі ўсяго жанчын сталі ахвярамі такога разводу, невядома, але некалькі расіянак ужо падалі калектыўную скаргу ў паліцыю. Большасць з іх — самотныя кабеты, якія верылі, што сустрэлі таго самага.

Аляксандр Дземідовіч распавёў «Нашай Ніве», што некалькі ахвяр знайшлі яго сапраўдную старонку, каб выгаварыцца:

«Яны знайшлі мой профіль, каб падзяліцца сваім болем. Ведаеце, адна з іх настолькі закахалася [ў вобраз, створаны махляром], што нават пачала маляваць партрэты. Гэта вельмі сумна, што ашуканцы так лёгка выкарыстоўваюць дэградацыю расійскага грамадства і падзенне становішча жанчын у грамадстве ў Расіі. Я мяркую, мой кейс не адзіны».

Усім, хто шукае прынца ці прынцэсу анлайн, Аляксандр настойліва рэкамендуе карыстацца функцыяй пошуку чалавека па фота, каб дакладна разумець, што перад вамі не фэйк.

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром

«Самы час адмыць грахі». Баранавіцкі завод парашкоў зрабіў сэксуальную калабарацыю

«На яго 250 рублёў я жыла шыкоўнае жыццё. А яму не хапае!» Мінчанка спрачаецца з былым мужам пра аліменты

У свецкіх лэдзі Мінска спыталі, што яны хацелі б у падарунак ад мужа

Nashaniva.com