ФІФА выбачылася за Украіну без Крыма на сваёй карце
Падчас трансляцыі лёсавання еўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату свету 2026 года ФІФА паказала карту, на якой Крым не з'яўляўся часткай Украіны. Узнік скандал, у выніку якога карту з абарачэння прыбралі, а міжнагодная федэрацыя назвала інцыдэнт «ненаўмысным», піша Euronews.
16.12.2024 / 17:06
Карта, якая выклікала скандал
Украінская асацыяцыя футбола атрымала адказ ФІФА, у якім Міжнародная футбольная федэрацыя патлумачыла, чаму 13 снежня падчас лёсавання на чэмпіянат свету па футболе 2026 года паказала карту Украіны без анексаванага Расіяй Крыма.
У ФІФА паведамілі што іканаграфіку рыхтаваў знешні падрадчык і назвалі інцыдэнт «ненаўмысным».
«Выявіўшы праблему, мы неадкладна распачалі крокі для вырашэння сітуацыі, у прыватнасці, прынялі меры па выдаленні выявы з абарачэння. Акрамя таго, мы праводзім унутраную праверку, каб пераканацца, што такія памылкі не паўторацца» — напісалі ў ФІФА, прызнаўшы, што «цалкам усведамляюць далікатнасць гэтага пытання».
Раней Украінская асацыяцыя футбола накіравала ліст на адрас генеральнага сакратара ФІФА Маціяса Графстрома і генеральнага сакратара Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Тэадора Тэадарыдзіса, звярнуўшы ўвагу на «недапушчальную памылку ў выяве карты Украіны». Прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі заявіў, што, «перакроіўшы міжнародныя межы» у эфіры, ФІФА не толькі дзейнічала» насуперак міжнароднаму праву», але і падтрымала «расійскую прапаганду, ваенныя злачынствы і злачынную агрэсію супраць Украіны».
Падобнага кшталту інцыдэнт — ужо не першы. У ліпені 2021 года на афіцыйным сайце Алімпіяды ў Токіа таксама была размешчаная карта з краінамі-ўдзельніцамі, на якой Крым аддзялілі ад Украіны графічнай мяжой. Праз суткі памылку выправілі.
ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-2026
Чэмпіянат свету па футболе ў 2034 годзе пройдзе ў Саудаўскай Аравіі
З Расіяй у футбол пагадзілася згуляць 184-я зборная свету. Але і яна выставіць аматараў
Зборная Беларусі знаходзіцца ў чацвертым кошыку на лёсаванне адбору на чэмпіянат свету — 2026
З футбольнай зборнай Расіі адмаўляюцца гуляць нават зборныя з «дружалюбных» краін