Ад 11 да 25-ці. Скончыўся суд над украінцам і двума беларусамі, затрыманымі па справе аб «падрыхтоўцы тэрактаў»
Украінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча судзілі ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме з 22 кастрычніка. Цяпер Генеральная пракуратура паведаміла, якім быў агульны прысуд.
18.12.2024 / 18:46
Паводле версіі Генеральнай пракуратуры, абвінавачаныя
«на працягу 2023 года ў рамках злачыннага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецыяльных службаў збіралі і падавалі ім цікавыя звесткі, а таксама выконвалі іншыя супрацьпраўныя заданні, якія маглі нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
Барысу Пухальскаму і Івану Ліхалату закідалі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне. Дзеянні Пухальскага дадаткова кваліфікаваліся як незаконны абарот выбуховых прылад і здрада дзяржаве, а Ліхалата — як агентурная дзейнасць. Іван Бародзіч абвінавачваўся ў здрадзе дзяржаве і неданясенні аб планаваных і рыхтаваных злачынных дзеяннях.
У выніку абвінавачаным прызначалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 11 да 25 гадоў. Колькі каму канкрэтна — у паведамленні Генпракуратуры не канкрэтызуецца.
Трох чалавек, затрыманых па справе аб «падрыхтоўцы тэрактаў», пачнуць судзіць у кастрычніку