Прэзідэнт Грузіі заявіла, што не хоча станавіцца Ціханоўскай у выгнанні

Зурабішвілі не збіраецца пакідаць пасаду, нягледзячы на абранне прэзідэнтам Міхаіла Кавелашвілі.

19.12.2024 / 14:31

Саламэ Зурабішвілі. Фота: яе твітар

Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не мае намеру станавіцца прэзідэнтам у выгнанні падобна Святлане Ціханоўскай у Беларусі, піша Newsgeorgia.ge.

«Пытанне аб тым, каб пакінуць Грузію, не стаіць… я бачу здагадкі, што я стану Ціханоўскай або прэзідэнтам Венесуэлы [Эдмунда Гансалесам], якіх прызнаюць, калі яны аказваюцца ў выгнанні. Я таксама чула аб прысуджэнні прэміі Сахарава. Я гэтага не хачу», — сказала Зурабішвілі ў інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVP World.

«Цяпер мне патрэбна падтрымка ў маёй краіне, разам з маім насельніцтвам», — дадала яна.

Калегія выбаршчыкаў, пераважна ўкамплектаваная прадстаўнікамі кіроўнай «Грузінскай мары», 14 снежня абрала новым прэзідэнтам краіны жорсткага крытыка Захаду Міхаіла Кавелашвілі. Яго інаўгурацыя запланаваная на 29 снежня.

Аднак Зурабішвілі называе цяперашні ўрад «нелегітымным». Яна заявіла, што застанецца прэзідэнтам пасля заканчэння свайго тэрміну.

Як і ўся апазіцыя, Зурабішвілі заявіла, што кастрычніцкія парламенцкія выбары, на якіх »Грузінская мара« атрымала амаль 54% галасоў, былі сфальсіфікаваныя.

Nashaniva.com