Затрыманы ў Беларусі японец — трэвел-блогер «Этэру»

На адным з японскіх блогаў заўважылі знікненне трэвел-блогера Ether2Kly. Магчыма, гэта той самы японец, пра затрыманне якога ў Беларусі паведамілі японскія ўлады, піша Reform.news.

19.12.2024 / 15:47

Фота з блога «Этэру»

Ether2Kly падарожнічае па свеце і распавядае аб мясцовым транспарце і інфраструктуры. У апісанні блога паказана, што «Этэру» захапляецца японскай поштай і чыгункамі за мяжой.

1 снежня ў блогу Ether2Kly былі апублікаваныя фота вясковых дамоў, вельмі падобных да драўляных дамоў у Беларусі.

«Стары дом у стылі былога Савецкага Саюза: драўляны, часта ярка афарбаваны», — падпісаў фота блогер.

За 1 снежня ёсць яшчэ некалькі паведамленняў, а затым акаўнты блогера змоўклі.

旧ソ連の一軒家、木造でカラフルがち pic.twitter.com/ayjWA3NecT

— えーてる (@tel_cellphone) December 1, 2024

Менавіта 1 снежня супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла аб затрыманні японскага грамадзяніна за фота аўтадарожнага моста над чыгуначнымі шляхамі ў Гомельскай вобласці. 17 снежня японскае пасольства ў Беларусі афіцыйна пацвердзіла затрыманне свайго другога грамадзяніна. 16 снежня МЗС Беларусі апавясціла амбасаду аб затрыманні грамадзяніна Японіі.

«Этэру» вёў свой блог ад імя дзяўчыны, хоць у паведамленнях СМІ было пазначана, што затрыманы японец-мужчына. Для падпісчыкаў японскага блога пол «Этэру» стаў нечаканасцю.

Nashaniva.com