Палітвязень Мікалай Хіла аказаўся супрацоўнікам дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі

24 красавіка ў Мінску быў затрыманы прапаведнік евангелісцкай царквы «Дабравесце» Мікалай Хіла. Спачатку меркавалася, што яго будуць судзіць за абразу Лукашэнкі, але нядаўна выявілася, што мужчыну інкрымінуюцца цяжкія артыкулы — распальванне варожасці і заклікі да санкцый. Цяпер жа стаў вядомы адзін раней непублічны факт з ягонай біяграфіі, які можа тлумачыць адмысловую ўвагу рэпрэсіўных органаў да гэтага чалавека.

19.12.2024 / 16:47

Высветлілася, што Мікалай Хіла з'яўляецца мясцовым супрацоўнікам дэлегацыі ЕС у Беларусі. Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS) запатрабавала ягонага вызвалення, паведаміла выданне Politico.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго, — заявіла Аніта Хіпер, прадстаўніца ЕC па замежных справах і палітыцы бяспекі. — Мы ўздымалі гэтае пытанне падчас усіх кантактаў з Беларуссю».

Мікалаю Хілу 41 год. Ён скончыў МДЛУ ў 2006 годзе. Мікалай вядомы найперш як пратэстанцкі прапаведнік у царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў «Дабравесце».

Хіла быў затрыманы 24 красавіка 2024 года, і праваабаронцы меркавалі, што яму інкрымінуюць «абразу Лукашэнкі». Гэта той артыкул, па якім можна абмежавацца і хіміяй.

Аднак, як высветлілася, у выніку прапаведніку выставілі абвінавачванне па двух артыкулах — 130 ч. 1 (распальванне варожасці) і 361 ч. 3 (заклікі да санкцый). Пакаранне па другім з іх прадугледжвае ад 4 да 12 гадоў калоніі.

Працэс пачнецца 23 снежня ў Мінскім гарадскім судзе.

Баптысцкаму прапаведніку Мікалаю Хілу выставілі абвінавачванне па цяжкім артыкуле

Супраць евангельскага прапаведніка Мікалая Хіло завялі крымінальную справу

Затрымалі хрысціянскага прапаведніка Мікалая Хіло

Nashaniva.com