Расійскі вайсковец, які атрымаў тыдзень адпачынку, сустрэўся з сям'ёй, зарэзаў дачку і пакончыў з сабой

Вайсковец з Якуціі, які атрымаў тыднёвы адпачынак з зоны баявых дзеянняў, зарэзаў сваю 14-гадовую дачку і пакончыў з сабой, паведамляе 161.ru.

20.12.2024 / 10:33

Фота: Shutterstock.com

Па словах суразмоўцы выдання, сям'я вайскоўца жыла ў адным з паўночных раёнаў Якуціі. За тыдзень вайсковец не паспеў бы вярнуцца з дому на службу, таму ён арандаваў кватэру ў Растове-на-Доне і аплаціў дарогу сваякам — жонцы, 14-гадовай дачцэ і 10-гадоваму сыну.

На здымнай кватэры сям'я зладзіла застолле. Праз раненне вайскоўцу быў супрацьпаказаны алкаголь, аднак той піў спіртное. Неўзабаве паміж ім і дачкой адбылася сварка. Ваенны нанёс ёй каля шасці нажавых раненняў, дзяўчына памерла на месцы.

Пасля гэтага, паводле папярэдніх звестак, знаходзячыся ў стане афекту, мужчына стаў наносіць удары нажом іншым людзям у кватэры. Сын атрымаў парэзы і колатыя раны на нагах. Жонка таксама атрымала раненне, але змагла вырвацца да суседзяў і папрасіць аб дапамозе — яны выклікалі хуткую і паліцыю. Апынуўшыся на месцы, паліцэйскія знайшлі цела вайскоўца пад балконам дома — ён пакончыў з сабой.

Жонка вайскоўца цяпер ляжыць у шпіталі. Яна дала паказанні і распавяла, што яе муж чакаў гэтай сустрэчы і «вельмі сумаваў па блізкіх».

Nashaniva.com