Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Зняволенага пробашча каталіцкай парафіі ў Шуміліне Анджэя Юхневіча пачнуць судзіць 27 снежня па нечаканых абвінавачваннях. Першапачаткова яго затрымлівалі па палітычных артыкулах, але пасля вернікі паведамлялі пра ціск на яго і пагрозу сфабрыкаванай справай. У выніку абвінавачванні будуць непалітычнымі, піша Katolik.life.

21.12.2024 / 17:36

Анджэй Юхневіч. Фота: katolik.life

Айца Анджэя Юхневіча першапачаткова затрымлівалі па палітычных адміністрацыйных артыкулах і трымалі больш за 55 сутак у ізалятары ў цяжкіх умовах. Яго некалькі разоў запар судзілі і працягвалі арышт.

Затым супраць святара завялі крымінальную справу, але па якім абвінавачванні, не было вядома.

Толькі цяпер, калі прызначылі суд, высветлілася, што пробашча абвінавачваюць адразу па трох артыкулах, але «палітычных» сярод іх няма. Гэта артыкулы, якія тычацца палавых адносін з непаўналетнімі, па іх прадугледжана ад 5 да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Раней вернікі казалі пра тое, што святару пагражалі з-за яго прынцыповай пазіцыі сфальсіфікаванай справай аб злачынствах супраць сексуальнай недатыкальнасці непаўналетніх.

Пра цяперашні стан святара вядома мала — лісты ад яго вернікам перасталі прапускаць. Тыя, хто блізка знаёмыя з айцом Анджэем, запэўніваюць, што ён не мог здзейсніць тых злачынстваў, якія яму інкрымінавалі, і лічаць, што справа сфабрыкавана.

Мясцовыя вернікі таксама адгукаюцца пра святара толькі пазітыўна і не вераць у абвінавачанне. Яны гавораць, што паводзіны айца Анджэя ніколі не сведчылі пра тое, што ён схільны да падобных злачынстваў.

Віцебская курыя пакуль нічога не паведамляла адносна справы ў дачыненні шумілінскага пробашча. Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Наколькі вядома, гэта першы ў гісторыі Беларусі суд па абвінавачанні каталіцкага святара ў педафіліі.

Тадэвуш Кандрусевіч і Уладзіслаў Завальнюк наведалі парафію зняволенага ксяндза Юхневіча

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі

Ксёндз Анджэй Юхневіч: Мяне могуць за гэта судзіць, але я хачу публічна выказаць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі

«Знаходзіцца ў знясіленым стане». Вернікі даведаліся падрабязнасці пра зняволенага ксяндза Анджэя Юхневіча

«Светлы, Божы чалавек». Чаму ўлады накінуліся на святара Юхневіча з Шуміліна

Каталіцкі святар Павел Лемех з'ехаў з Беларусі

Nashaniva.com