У Албаніі на год цалкам забаранілі TikTok пасля забойства падлетка
Прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама лічыць, што сацыяльныя сеткі «бяруць дзяцей у закладнікі».
22.12.2024 / 18:52
Улады Албаніі прынялі рашэнне пра поўную забарону TikTok на тэрыторыі краіны.
Забарона будзе дзейнічаць 12 месяцаў і ўступіць у сілу на пачатку 2025 года, піша Reuters.
«На працягу аднаго года мы цалкам яго закрыем для ўсіх. У Албаніі не будзе TikTok», — заявіў Рама на сустрэчы з бацькоўскімі камітэтамі.
Рама абвінаваціў сацыяльныя сеткі, у прыватнасці TikTok, у распальванні гвалту сярод моладзі як у школах, так і за іх межамі.
У лістападзе ў Албаніі адбылося рэзананснае забойства: 14-гадовага школьніка зарэзалі аднакласнікі. Мясцовыя СМІ паведамілі, што канфлікт паміж двума падлеткамі пачаўся з перапалкі ў сацыяльных сетках. У TikTok таксама з'явіліся відэа, дзе непаўналетнія выказвалі падтрымку забойству.
«Праблема сёння не ў нашых дзяцей, праблема сёння ў нас, праблема сёння ў нашым грамадстве, праблема сёння ў TikTok і ўсіх астатніх, хто бярэ нашых дзяцей у закладнікі», — заявіў Рама.
У TikTok заявілі, што імкнуцца да «тэрміновай яснасці» ад албанскага ўрада.
«Мы не знайшлі доказаў таго, што ў злачынцы або ахвяры былі акаўнты ў TikTok, і шматлікія справаздачы пацвердзілі, што відэа, звязаныя з гэтым інцыдэнтам, публікаваліся на іншай платформе, а не ў TikTok», — заявіў прадстаўнік кампаніі.
У апошні час некалькі еўрапейскіх краін, уключаючы Францыю, Германію і Беларусь, увялі абмежаванні на выкарыстанне сацыяльных сетак для дзяцей. А самы строгі закон быў прыняты ў Аўстраліі: у лістападзе парламент зацвердзіў поўную забарону на сацыяльныя сеткі для дзяцей да 16 гадоў.