Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся новым ролікам. Адметна, што яго аўтар, блогер ДZзед БарадZед, мае выразныя пралукашэнкаўскія і прарасійскія погляды.

24.12.2024 / 00:10

Пра існаванне гэтага ДZзед'а БарадZед'а мала хто ведае — мужчына перадпенсійнага ці пенсійнага веку залівае на Ютуб вершы і песні ў сваім выкананні, а таксама тое, як правакуе ўкраінцаў і беларусаў у чат-рулетцы.

Гэта яго і загубіла — у адным з ролікаў суразмоўца мужчыны нагаварыла пра рускіх такога, што суд Чыгуначнага раёна Гомеля не прайшоў міма і ўключыў той ролік «Слова не верабей, зіганеш і не зловіш» у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Складана зразумець, як сілавікі знайшлі гэта гора-відэа, бо за пяць месяцаў яно сабрала толькі 200 праглядаў. Зрэшты, падобнай папулярнасцю карыстаўся і астатні кантэнт маргінальнага блогера.

Рашэнне суда Чыгуначнага раёна Гомеля не пакінула абыякавым тэлеграм-канал «Графач», звязаны з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым. Ён чарговы раз нагадаў сваім падпісчыкам пра абсурднасць існавання спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на 1400 старонак.

Nashaniva.com