Пенсіянерка штодня з чэрвеня крала з крамы па пляшцы гарэлкі — вынік 100 пляшак
Работнікі крамы ў Свіслачы заўважылі прапажу больш за 100 пляшак моцнага алкаголю. Аказалася, усё гэта спіртное вынесла адна жанчына.
24.12.2024 / 12:30
Сілавікі ўстанавілі, што алкаголь крала 60-гадовая жанчына. З пачатку чэрвеня яна фактычна штодня выносіла з крамы па адной-дзве пляшкі.
Жанчына распрацавала хітрую схему. Яна брала спіртное з прылаўка, адыходзіла ў месца, дзе не трапляла ў камеры відэаназірання, і хавала пляшкі ў сумачку. Пасля гэтага яна працягвала пакупкі, а на касе разлічвалася за ўсё, акрамя спіртнога.
Папярэдне падлічана, што пенсіянерка вынесла каля 100 бутэлек моцнага алкаголю і прычыніла шкоду амаль на адну тысячу рублёў. Спіртное яна распівала з сябрамі і знаёмымі.
Жанчына кампенсавала прычыненую матэрыяльную шкоду. На яе завялі крымінальную справу аб крадзяжы.