«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што расіяне падчас масіраванага нападу па энергетыцы Украіны на Каляды выпусцілі больш за 70 ракет і больш за сотню ўдарных дронаў.

25.12.2024 / 12:14

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу. Што можа быць больш бесчалавечным? Больш за 70 ракет, сярод якіх балістычныя, і больш за сотню ўдарных дронаў. Цэлі — наша энергетыка. Яны працягваюць змагацца за блэкаўт ва Украіне.

Паводле папярэдніх звестак, нашым абаронцам удалося збіць больш як 50 ракет і значную частку дронаў. На жаль, ёсць траплянні. Па стане на цяпер у некалькіх рэгіёнах ёсць адключэнні. Энергетыкі працуюць, каб як мага хутчэй аднавіць падачу святла», — напісаў Зяленскі. 

Міністр энергетыкі Герман Галушчанка паведаміў, што расіяне падчас атакі 25 студзеня ўдарылі па цеплаэлектрастанцыях, у выніку чаго было сур'ёзна пашкоджана абсталяванне ЦЭС.

Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што горад атакуюць балістычнымі ракетамі. У Салтоўскім раёне пацярпелі тры чалавекі, двое з іх у цяжкім стане. 

Nashaniva.com