Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны

У парламенце Азербайджана прыгразілі Расіі пагаршэннем адносін праз хлусню аб падбітым над Грозным самалёце.

27.12.2024 / 08:02

«Самалёт быў збіты на тэрыторыі Расіі, у небе над Грозным. І адмаўляць гэта немагчыма», — сказаў член Камітэта Мілі Меджліса па міжнародных адносінах, палітолаг Расім Мусабекаў, каментуючы агенцтву Turan паведамленні мясцовых СМІ пра тое, што самалёт AZAL, які выконваў рэйс Баку — Грозны 25 снежня, быў збіты ракетай расійскага СПА.

Паводле яго слоў, у Расіі некаторыя робяць пэўныя дзеянні ў медыя, каб замесці сляды гэтага інцыдэнту.

Аднак, на яго думку, замест гэтага расійскі бок павінен дзейнічаць адэкватна сітуацыі і прынесці прабачэнні.

«Тыя, хто гэта зрабіў, павінны быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, неабходна выплаціць кампенсацыі за гібель людзей і пацярпелым. Калі гэтага не будзе, то адносіны, вядома, перацякуць у іншую плоскасць», — заявіў Мусабекаў.

Ён нагадаў, што калі падчас 44-дзённай вайны 2020 года супраць Нагорнага Карабаха быў збіты расійскі ваенны верталёт, азербайджанскі бок папрасіў прабачэння, заявіў, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці, і выплаціў кампенсацыю.

«Такія цывілізаваныя адносіны. Калі працуе СПА, то аэрапорт павінен быць закрыты, павінна быць апавяшчэнне, каб туды ніхто не ляцеў. Таму вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — сказаў Мусабекаў.

Нагадаем, што раніцай 25 снежня самалёт Azerbaijan Airlines, які ляцеў з Баку ў Грозны, упаў блізу аэрапорта Актау на захадзе Казахстана. На борце лайнера было 67 чалавек, у тым ліку 37 грамадзян Азербайджана, 16 расіянаў, шэсць казахстанцаў і трое грамадзян Кыргызстана.

У авіякатастрофе загінулі 38 чалавек, 29 выжылі. Стан семярых з тых, хто выжыў, медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі.

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Nashaniva.com