Халезін паразважаў пра феномен лукашызму: Усе мы здзівімся, як імгненна забудуць пра Лукашэнку
Вядомы рэжысёр Мікалай Халезін у новым выпуску ТОКу даў прагноз пра будучае месца Аляксандра Лукашэнкі ў памяці людзей.
28.12.2024 / 09:00
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Getty Images
Адказваючы на пытанне аб тым, ці сфарміраваўся за дзесяцігоддзі лукашэнкаўскай эпохі «гома лукашэнкус» — кшталту таго, як утварыўся «гома саветыкус», — Мікалай Халезін выказаў упэўненасць, што такога «не існуе і не можа існаваць».
Як тлумачыць рэжысёр, «гома саветыкус» — гэта прадукт сістэмы, якая «была адной з двух самых вялікіх сістэм на планеце» і мела дакладную ідэалогію, якая была выбудавана «пачынаючы ад дзяцінства, калі ты акцябронак, і заканчваючы мадэлямі адзення, якія можна насіць, а якія нельга».
«У Лукашэнкі ідэалогія тыпу «любіце мяне». (…) У Лукашэнкі няма нічога, што б ён мог прапанаваць.
Хоць савецкая ідэалогія базіравалася на вучэннях, якія мелі свае хібы, але гэта былі рэальна вучэнні. Ленінізм, трацкізм і іншае — гэта ўсё былі вучэнні, вялікія, глабальныя. (…) І Амерыка была адзіная, таму што яна супрацьстаяла саўку. Гэта была барацьба дзвюх вялізных сістэм.
Цяпер гэтага няма, няма сістэмы. Пуцін таксама не можа стварыць. У Пуціна ідэалогія зараз гэта «мы ўсім накідаем», — даводзіць Халезін.
«Гома лукашэнкус» — яго не будзе. Больш за тое, і ты, і я, і ўсе мы здзівімся, як імгненна забудуць пра Лукашэнку, імгненна», — выказвае ўпэўненасць рэжысёр і прыводзіць у якасці прыкладу Назарбаева.
«Наша сяброўка ў Лондане, казашка, расказала, як пра Назарбаева забыліся. Вечарам яго не стала [на пасадзе], а ранкам пра яго забыліся. Наогул нецікава, кажа, ніхто не абмяркоўвае ўвогуле.
Я пытаю, а дзе Назарбаеў? Яна кажа, «ды я не ведаю, мне пофіг, дзе ён. Хоць дзе. Можа, у Эміратах жыве. Ну няхай жыве, мне ўсё роўна». І гэта праўда, таму што гэтыя людзі, як толькі яны перастаюць нас дубінкамі дубасіць, яны нас больш пасля гэтага [не цікавяць]».
Халезін кажа, што ў 2020-м ён быў прыхільнікам ідэі «даць Лукашэнку самалёт, загрузіць туды яму грошай, гарэлкі, і ўвесь табар, каб ён паляцеў»: «Куды паляцеў — усё роўна, нават не буду глядзець на карце, куды ён ляціць».
Глядзіце цалкам:
Навошта Пяткевіч вярнулі ў Адміністрацыю Лукашэнкі? Версія Халезіна
Турарбекава расказала, чым Назарбаеў падобны да Лукашэнкі