Прэзідэнтка Грузіі заклікала прыхільнікаў прыйсці ранкам абараняць яе ў рэзідэнцыі — сёння інаўгурацыя новага прэзідэнта

Ля рэзідэнцыі Арбеліяні збіраюцца грамадзяне, да якіх праз некаторы час звернецца прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна заклікала прыхільнікаў прыйсці да прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў 10 раніцы 29 снежня. Сёння афіцыйна — яе апошні дзень на пасадзе.

29.12.2024 / 09:36

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Фота: AP Photo / Zurab Tsertsvadze

Паводле заявы Зурабішвілі, яна не збіраецца пакідаць пасаду, бо лічыць абранага парламентам прэзідэнта Міхаіла Кавелашвілі нелегітымным. Інаўгурацыя Кавелашвілі пачнецца ў будынку парламента ў 11:00 па тбіліскім часе (10:00 па мінскім).

28 снежня ў відэазвароце да нацыі Зурабішвілі пацвердзіла намер не аддаваць прэзідэнцкае крэсла Міхаілу Кавелашвілі, якога абрала шостым прэзідэнтам калегія выбаршчыкаў кіруючай партыі. У гэтым годзе ў Грузіі кіраўніка дзяржавы ўпершыню выбіралі не агульнанародным галасаваннем.

Зурабішвілі заявіла, што не збіраецца складаць паўнамоцтвы. Яна лічыць парламент нелегітымным, а выбары Кавелашвілі назвала «насмешкай з дэмакратыі».

Апазіцыя выказала гатоўнасць фізічна абараняць Зурабішвілі, а ў «Грузінскай мары» прыгразілі турмой, калі прэзідэнтка адмовіцца пакідаць пасаду ці паспрабуе распусціць парламент.

Nashaniva.com