У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа

Адкрыццё BELAZ SHOP на прадпрыемстве назвалі «стартам амбіцыйнага праекта па прасоўванні брэнда». 

29.12.2024 / 22:09

Адкрыццё крамы з мерчам БелАЗа. Фота: тэлеграм-канал БелАЗа

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал БелАЗа.

Крама размясцілася ў гандлёвым цэнтры па праспекце Леніна, 20. Першую пакупку зрабіў старшыня гарвыканкама Аляксандр Цывако, які БелАЗа на адкрыцці разам з генеральным дырэктарам БЕЛАЗа Сяргеем Лесіным.

У BELAZ SHOP можна набыць футболкі, байкі, спартыўныя касцюмы, дзіцячае адзенне, а таксама брэндаваную прадукцыю — ад магнітаў да чамаданаў.

Сувенірная прадукцыя ў фірмовай краме БелАЗа. Фота: тэлеграм-канал БелАЗа

Мадэлькі тэхнікі ў фірмовай краме БелАЗа. Фота: тэлеграм-канал БелАЗа

У лістападзе вытворца кар'ерных самазвалаў у сваёй інтэрнэт-краме пачаў прадаваць боты БелАЗ. Абутак вельмі нагадвае прадукцыю брэнда Timberland, але замест амерыканскага лагатыпа з выявы дуба на іх змешчаны сілуэт жодзінскага самазвала, а зверху — назва прадпрыемства.

Праз некалькі дзён пасля пачатку продажаў праваабаронцы паведамілі пра затрыманні, звязаныя з кпінамі з фірмовых ботаў БелАЗа.

Nashaniva.com