Адно з самых вірусных фота 2024 года. Калі законы фізікі адпачываюць

Зроблена яно на Алімпіядзе-2024.

02.01.2025 / 08:12

Фота: Olympics.com

Самыя крутыя фатаграфіі Алімпіяды-2024 атрымліваюцца з турніру па сёрфінгу, які праходзіў на Таіці — прырода, хвалі, спартсмены. Ідэальнае месца для правядзення такіх спаборніцтваў, бо ў Парыжы іх было б проста немагчыма арганізаваць, нагадвае Championat.com.

Самым вірусным алімпійскім здымкам стала фатаграфія, на якой бразільскі сёрфер Габрыэль Медына нібы вісіць у паветры. Медыну, які разам з дошкай, здавалася, замёр у паветры, накіраваўшы руку з выцягнутым пальцам у неба, знялі адразу некалькі фатографаў, якія былі на катары.

Усе яны растлумачылі, што з-за высокіх хваляў трэба было толькі адгадаць момант, калі спартсмен вылеціць уверх. 

Цікава, што герой фота за гэты свой выступ атрымаў ад суддзяў 9,90 бала з 10 магчымых — гэта найвышэйшая ацэнка ў алімпійскай гісторыі сёрфінгу. У 1/8 фіналу ён разграміў японца Каноа Ігарасі і выйшаў у чвэрцьфінал. Паводле слоў бразільца, такія высокія і магутныя хвалі менавіта на Алімпіядзе — нібы спаўненне мары, бо гэта вялікая рэдкасць.

Фота: Sean M. Haffey/Getty Image

Медына — трохразовы чэмпіён свету і адзін з самых крутых сёрфераў планеты. У яго шмат мянушак, але адна з іх ідэальна апісвае здымак — Феномен.

І калі б не рашэнне арганізатараў задзейнічаць тэрыторыю, якая адміністрацыйна належыць Францыі, але знаходзіцца за 16 тыс. км ад Парыжа, такога фота дакладна не было б.

Nashaniva.com