«Калі паліцэйскія пабачылі кашулі, змяніліся ў тварах». Што новага ў беларусаў, якіх збіла ахова рэстарана?
Навагодняя ноч у рэстаране Paros, што ў цэнтры Варшавы, скончылася для беларусаў Аляксея і Паўла зламаным носам і шматлікімі гематомамі. Інцыдэнт адбыўся ў выніку бойкі з аховай рэстарана.
03.01.2025 / 22:12
Як усё адбылося? Раней хлопцы распавялі журналістам, што ў выніку сваркі з дзяўчынай Аляксей адышоў у туалет, «каб прыйсці ў сябе». Брат дзяўчыны Павел далучыўся да яго, каб супакоіць і падбадзёрыць.
Іх дыялог праз некаторы час перарваў ахоўнік, які пачаў выганяць маладых людзей з кабінкі санвузла. Хлопцаў раззлавала такое стаўленне, пачаўся дыялог на павышаных танах, рэакцыяй на яго стала збіццё з боку ахоўнікаў. Пасля кампанію выставілі за дзверы рэстарана.
Фота: інстаграм Паліны Ляшковіч
Як распавяла «Нашай Ніве» Паліна Ляшковіч, сястра Паўла, 2 студзеня яны нарэшце прайшлі судмедэкспертызу — падазрэнне на зламаны нос выявілі не толькі ў Паўла, але і ў Аляксея, але для дакладнага дыягназу другому трэба дачакацца, пакуль спадзе ацёк.
«У Паўла сёння была аперацыя на носе. Прайшла, здаецца, паспяхова», — расказала Паліна.
У Аляксея ж сёння прынялі заяву ў паліцыі.
«Прыватны судмедэксперт патлумачыў нам, што калі ў Пашы зламаны нос, ён можа адразу падаваць заяву ў пракуратуру, бо гэта цяжкае цялеснае пашкоджанне. Гэта ён учора і зрабіў. Калі мой пералом носа пацвердзіцца, сітуацыя будзе такая самая. Пакуль жа ў мяне прынялі заяву ў аддзяленні паліцыі па месцы жыхарства», — распавёў Аляксей.
Хлопец кажа, што, на шчасце, пералом рэбраў у яго не пацвердзіўся, але наступствы збіцця такія, што дагэтуль баляць ныркі.
Фота: інстаграм Паліны Ляшковіч
Аляксей адзначыў, што супрацоўнікі паліцыі былі настроеныя прыязна.
«Калі яны пабачылі нашы акрываўленыя кашулі, якія перадалі як рэчдоказ, то ўвогуле змяніліся ў тварах і голасе. Зразумелі, што сапраўды адбылося нешта сур’ёзнае, а не проста штуршкі. Нашай справе прысвоілі нумар, узялі кантакты сведак. Пашу і Паліну яшчэ выклічуць для апытання. Будзем чакаць вынікаў. У нашым уяўленні няма ніводнага шанцу падаць гэта так, што гэта мы там не мелі рацыі».
У рэстаране Paros па ўказаных нумарах ніхто не адказвае, таму даведацца пазіцыю ўстановы пакуль немагчыма.
Фота: інстаграм Паліны Ляшковіч