Беларус з ДНЖ ехаў у Літву з вымпелам ПДВ СССР і георгіеўскай стужкай. Вынік прадказальны

Літоўскія памежнікі не ўпусцілі ў краіну грамадзяніна Беларусі з сімволікай савецкіх дэсантнікаў.

03.01.2025 / 20:20

Фота: VSAT

Беларус ехаў у Літву праз пункт пропуску «Меднікі» на Audi 90. У салоне аўтамабіля пад люстэркам вісеў вымпел з сімволікай савецкіх ПДВ.

На ім былі намаляваныя парашут, чырвоная зорка, самалёты і георгіеўская стужка, а таксама надпіс на рускай мове «Ніхто, акрамя нас» і дата «2 жніўня 1930 года».

Аўтамабілем кіраваў 54-гадовы беларус, які атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве ў чэрвені 2024 года. Паколькі ў Літве забароненая савецкая сімволіка, памежнікі канфіскавалі ў мужчыны вымпел і забаранілі яму ўезд у краіну. Акрамя таго, беларуса аштрафавалі на 150 еўра. Мужчыне давялося вярнуцца на радзіму, паведамляе памежная служба.

Гэта ўжо не першы падобны выпадак за апошні час. Некалькі тыдняў таму ў Літву не пусцілі беларуса, у якога пад лабавым шклом ляжаў дыванок у колерах савецкага сцяга з надпісам «СССР».

Nashaniva.com