У Рэчыцкім філіяле «Беларуснафты» новая хваля рэпрэсій

Праз адсутнасць кадраў адзін з аддзелаў ледзь спраўляецца з працай, але гэта не спыняе звальненні за палітыку.

04.01.2025 / 17:15

Працаўнікі УПСР ВА «Беларуснафта». Фота: Дняпровец

Пра новую хвалю праверак супрацоўнікаў паведамляе выданне «Флагшток» са спасылкай на свае крыніцы, звязаная з філіялам вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» ў Рэчыцы.

Праверкі суправаджаюцца выклікамі ў міліцыю, праверкай тэлефонаў і пагрозамі. Працаўнікі баяцца адкрыта гаварыць пра гэта.

Асаблівая ўвага падчас праверак надаецца падзеям 2020 года. У той час супрацоўнікі ўпраўлення ўдзельнічалі ў пратэстах і запісалі відэа ў падтрымку звольненых калег з упраўлення прамыслова-геафізічных работ (УПГР).

У 2021 годзе было затрымана каля 20 чалавек, якія ўваходзілі ў нефармальны чат упраўлення. Шэсць супрацоўнікаў былі асуджаны, прызнаны палітвязнямі і ўжо адбылі тэрміны ў калоніях. З 2021 года ў філіяле звольнілі або не падоўжылі кантракты з шэрагам супрацоўнікаў.

Паводле крыніцы, начальнік упраўлення палявых сейсмаразведвальных работ (УПСР) Андрэй Лазавы скардзіцца падначаленым, што з-за недахопу кадраў адзін з аддзелаў ледзь спраўляецца з працай. Тым не менш, менавіта начальнік УПСР у 2020 годзе падтрымліваў звальненні сваіх супрацоўнікаў, што пагоршыла цяперашнюю кадравую праблему.

У снежні 2021 года «Беларуснафта» была ўключана ў пяты пакет санкцый Еўрапейскага саюза. ЕС адзначыў, што кіраўніцтва кампаніі звальняла работнікаў, якія абвяшчалі забастоўкі, удзельнічалі ў антырэжымных пратэстах або публічна падтрымлівалі іх. Таму «Беларуснафта» была прызнана адказнай за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.

Nashaniva.com