Дзе ў Еўропе лепш за ўсё інвеставаць у нерухомасць у 2025 годзе?

У топе рэйтынгу — краіны Балтыі і Цэнтральнай Еўропы.

06.01.2025 / 22:49

Згодна з новым даследаваннем брытанскай кампаніі па пераездзе 1st Move International, у якім падрабязна разгледжаны ключавыя элементы інвестыцый у нерухомасць (стаўкі падатку на нерухомасць, падаходны падатак з арэнднай платы і валавы даход ад арэнды), Літва з'яўляецца найлепшым выбарам для інвестыцый у жыллё, піша Euronews.

Паводле апошніх звестак Global Property Guide, у Вільні сярэдняя прыбытковасць ад арэнды складае 5,65%.

Цэны на арэнду жылля ў краіне высокія, яны складаюць больш за 170% ад таго, што было ў 2015 годзе. Падаходны падатак з арэнднай платы складае умераныя 15%. Замежнікам не забаронена набываць нерухомасць.

Па даных Еўрастата, у другім квартале 2024 года цэны на нерухомасць падскочылі больш чым на 10% у параўнанні з папярэднім годам, і гэтая тэндэнцыя, верагодна, захаваецца.

Эстонія займае другое месца па прывабнасці для інвестараў. Нерэзідэнтам там таксама дазволена набываць нерухомасць. Падаткі адносна нізкія, але цэны на арэнду высокія, у выніку чаго гадавы валавы даход ад арэнды складае каля 4,5% (падаходны падатак з арэнднай платы складае 20%).

Улічваючы, што цэны на нерухомасць выраслі на 6,7% на працягу года да чэрвеня 2024 года, чакаецца, што кошт інвестыцый будзе расці і далей.

Румынія займае трэцяе месца — з адносна высокай валавой прыбытковасцю ад арэнды ў памеры 6,46% у год.

Ірландыя таксама перспектыўная для інвестыцый у нерухомасць, краіна прапануе высокую прыбытковасць, у асноўным з-за высокіх цэн на арэнду, але павышаныя падаткі могуць істотна знізіць гадавы чысты прыбытак. Краіна сутыкаецца з жыллёвым крызісам, паколькі насельніцтва расце, а дамоў будуецца недастаткова.

Згодна з гэтай справаздачай, існуюць таксама добрыя магчымасці для інвеставання ў нерухомасць у такіх краінах, як Венгрыя, Славенія і Польшча, дзе арэндная плата высокая (у Венгрыі — 180% ад узроўню 2015 года), але падаткі ўмераныя.

Па даных Еўрастата, за 12 месяцаў, якія папярэднічалі чэрвеню 2024 года, цэны на жыллё ў Польшчы выраслі на 17,7%, у Венгрыі — на 9,8%, а ў Славеніі — на 6,7%.

А найменшы прыбытак ад інвестыцый у жыллё, згодна з гэтай справаздачай, — у Бельгіі, Францыі і Грэцыі. Прычына ў высокіх падатках.

Самымі ж папулярнымі краінамі для куплі нерухомасці лічацца Іспанія і Партугалія (па іх было найбольш адпаведных пошукавых запытаў у Google).

Nashaniva.com