«Дзяўчынка, ты больш не губернатар». Трудо заявіў, што Канада не стане часткай ЗША, яму груба адказаў Маск

Прэм'ер-міністр Канады пракамэнтаваў выказванні Трампа, што краіна хоча стаць штатам ЗША.

08.01.2025 / 13:21

Ілан Маск. Фота: AP Susan Walsh / AP

Джасцін Трудо заявіў, што Канада не ўвойдзе ў склад ЗША. Пра гэта канадскі прэм'ер-міністр, які сёлета пакіне сваю пасаду, напісаў у твітары.

«Няма ніводнага шанцу, што Канада стане часткай ЗША. Работнікі і супольнасці ў абедзвюх краінах выйграюць ад таго, што з'яўляюцца найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі і партнёрамі ў сферы бяспекі», — напісаў Трудо.

Яму груба адказаў уладальнік X і паплечнік Трампа Ілан Маск.

«Дзяўчынка, ты больш не губернатар Канады, так што ўсё роўна, што ты кажаш», — напісаў мільярдэр у рэплаях.

Абраны прэзідэнт Дональд Трамп не раз называў Трудо «губернатарам Канады». Напярэдадні ён чарговы раз заявіў, што канадцы нібыта хочуць стаць 51-м штатам ЗША. Затым Трамп у сваёй сацсетцы апублікаваў карту, на якой Канада знаходзіцца ў складзе Злучаных Штатаў.

6 студзеня Трудо заявіў, што пакідае пасаду лідара кіроўнай Ліберальнай партыі. Пасля абрання новага кіраўніка ён пакіне і пасаду прэм'ер-міністра.

Nashaniva.com