Экстрэміст, схільны да агрэсіі і захопу закладнікаў. Што азначаюць лічбы на жоўтай бірцы Віктара Бабарыкі

На фота Віктара Бабарыкі, якое зрабіў у Наваполацкай калоніі Раман Пратасевіч, добра відаць жоўтую бірку палітыка. Што па ёй можна сказаць?

08.01.2025 / 14:24

Віктар Бабарыка (злева) у Наваполацкай калоніі

Лукашэнкаўцы ўпершыню за доўгі час паказалі Віктара Бабарыку — ён з’явіўся на кароткім відэа, запісаным у пакоі Наваполацкай калоніі. Бабарыка схуднелы, але жывы. Кантакту з ім не было амаль два гады.

На выкладзеных Раманам Пратасевічам фота адразу кідаюцца ў вочы жоўтая бірка Віктара Бабарыкі і бачныя на ёй лічбы ў левым ніжнім куце — 3 і 10. Яны азначаюць прафілактычныя ўлікі, на якія паставілі палітыка.

Прафулік №10 — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Прафулік №3 — «схільны да нападзення на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі».

Дзясяты прафілактычны ўлік чапляюць аўтаматам усім палітзняволеным. Фармальная зачэпка — тое, што яны былі асуджаныя па экстрэмісцкіх крымінальны артыкулах. Але такі прафулік атрымліваюць не толькі палітвязні. Яго даюць і тым, хто меў палітычную адміністратыўку пасля 2020 года, а пасля быў асуджаны па любым непалітычным артыкуле — хоць за наркотыкі, хоць за махлярства.

@nashaniva «Я вас усіх люблю». Экс-кандыдат у прэзідэнты з’явіўся на кароткім відэа, запісаным, імаверна, у пакоі для спатканняў Наваполацкай калоніі #бабарико #протесты #выборы #2020 #бчб #политика #новости #беларусь ♬ Call Me - Sped Up - plenka

З трэцім прафулікам сітуацыя іншая — яго звычайна вешаюць на тых зняволеных, у крымінальных справах якіх фігуруюць «пацярпелыя» з боку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і іншых афіцыйных прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Але зноў-такі гэты прафулік атрымліваюць не толькі палітвязні. Напрыклад, яго часова можна атрымаць і за побытавую бойку з іншым зняволеным.

Акрамя трэцяга і дзясятага прафулікаў, існуе яшчэ і іншыя — «схільнасць да суіцыду», «схільнасць да азартных гульняў», «прыналежнасць да арганізаванай злачыннай групоўцы (ці займанне палажэння ў злачыннай іерархіі)». Зняволеныя з гэтымі прафулікамі таксама носяць жоўтыя біркі.

Выключэнне зроблена толькі да тых, хто мае «схільнасць да ўцёкаў». У іх бірка чырвоная, каб такія зняволеныя яшчэ больш кідаліся ў вочы супрацоўнікам калоніі.

Любы прафілактычны ўлік суправаджаецца ўзмоцненымі мерамі кантролю, такімі як частыя праверкі, абмежаванні ў перамяшчэнні і асаблівыя ўмовы ўтрымання. Напрыклад, зняволеныя з такім статусам абавязаны некалькі разоў у дзень адзначацца ў дзяжурнага афіцэра і падвяргаюцца дадатковым мерам нагляду.

Віктар Бабарыка ў Наваполацкай калоніі

Чаму Віктар Бабарыка зрабіў стаўку на Марыю Калеснікаву?

Хуткая для Бабарыкі, хвароба Пачобута. Былы зняволены наваполацкай калоніі расказаў пра стан вядомых палітвязняў

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі

Nashaniva.com