Мінчук узяў у знаёмых для бізнэсу 357 тысяч даляраў і вырашыў прайграць іх у казіно
Вяртаць грошы мужчына перадумаў і атрымаў вялікі тэрмін.
08.01.2025 / 14:11
Ілюстрацыйнае фота
Мінчук узяў у двух знаёмых 347 тысяч даляраў. Грошы 29-гадовы мужчына прасіў пад рознымі падставамі. Адна з іх — адкрыццё сумеснага бізнэсу па пастаўках аўто з Кітая ў Беларусь.
Ён жа абяцаў аднаму са знаёмых дапамагчы перадаць сродкі з ЗША праз свой крыптакашалёк. Вось толькі і гэтыя грошы — 10 тысяч даляраў — ён пакінуў сабе.
Абяцанні, дадзеныя «донарам», мужчына выконваць не збіраўся. Ды і магчымасці такой у яго не было. Грошы мінчанін траціў на сябе, у тым ліку гуляў у казіно. Знаёмыя напісалі на яго заяву, і мужчыну затрымалі.
У судзе ён сваю віну не прызнаў. У выніку мінчуку прызначылі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 32 тысячы рублёў. Пра лёс велізарнай сумы, якую пазычыў мужчына, пракуратура не паведамляе.