Трымаеце ноўтбук увесь час падключаным? Гэта кепска для яго

Пастаяннае трыманне зарадкі на ўзроўні 100% прыводзіць да яе хутчэйшага зносу. 

08.01.2025 / 19:51

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freestocks / Unsplash

Большасць сучасных ноўтбукаў выкарыстоўвае літый-іённыя батарэі, якія найлепш працуюць, калі ўзровень іх зарадкі знаходзіцца паміж 20 і 90%.

Калі батарэя пастаянна «сядзіць на кабелі», то з цягам часу пачынае губляць сваю ёмістасць і разраджаецца ўсё хутчэй.

Пастаяннае падключэнне ноўтбука мае сэнс толькі тады, калі вы працуеце над энергазатратнымі задачамі, напрыклад, мантажом відэа, рэндэрынгам 3D-графікі або інтэнсіўным геймінгам. 

А ці трэба імкнуцца да поўнай разрадкі батарэі? 

Гэта ўжо мінулае. Сучасныя літый-іённыя батарэі гэтага не патрабуюць. Наадварот, частае поўнае разраджэнне можа скараціць колькасць цыклаў зарадкі з 1000 да 500.

Як падоўжыць тэрмін службы батарэі? Вось некалькі карысных парадаў:

Пазбягайце перагрэву

Не пакідайце ноўтбук на мяккіх паверхнях (коўдра, канапа), дзе перакрываецца доступ паветра.

Не разраджайце да нуля

Як адзначалася вышэй, літый-іённыя батарэі дрэнна пераносяць поўную разрадку — гэта скарачае іх рэсурс.

Кантралюйце яркасць экрана і адключайце лішнія функцыі Зніжэнне яркасці, а таксама адключэнне Bluetooth або падсветкі клавіятуры даюць батарэі большы запас часу.

Правярайце стан батарэі

Каб зрабіць гэта на Windows, адкрыйце радок каманд (CMD) і ўвядзіце каманду «powercfg/batteryreport». На MacOS: праз меню Apple → «Сістэмная інфармацыя» → «Абсталяванне» → «Сілкаванне» (About This Mac → System Information → Hardware → Power).

Разгледзьце магчымасць выняцця батарэі

Калі ваш ноўтбук служыць як стацыянарны камп’ютар — бо рэдка яго пераносіце, — тады батарэю можна выняць і працаваць толькі ад электрасеткі. Толькі не забудзьцеся, што перад выманнем батарэя павінна быць зараджаная да 40—50%. Што праўда, не ўсе мадэлі дазваляюць выманне.

Выкарыстоўвайце арыгінальныя зарадныя прылады

Танныя аналагі могуць даваць нестабільнае напружанне і тым самым пашкодзіць батарэю.

У ЕС уступіў у сілу стандарт пра адзіны раз'ём для зарадкі

«Я хачу пазбавіцца ўсіх кліентаў з ноўтбукамі!»: уладальнік сталічнай кавярні падзяліўся болем

Японцам параілі ўключаць у тастаменты свае лагіны і паролі

Уладальнікі ноўтбукаў Asus аказаліся пад пагрозай

Міхась Чэсны