Сілавікі пахваліліся, што ўзламалі тэлеграм-акаўнт Кабанчука, і апублікавалі доказы

абноўлена

У чацвер тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, заявіў пра ўзлом тэлеграм-акаўнта прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. У каментары «Люстэрку» сам ён абверг гэтую інфармацыю і заявіў пра немагчымасць узлому яго акаўнта ў Telegram. Але на гэтым справа не скончылася. 

09.01.2025 / 13:30

Выява з інфармацыяй пра тэлеграм-акаўнт Вадзіма Кабанчука, апублікаваная ў канале сілавікоў, 9 студзеня 2025 года. Фота: набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал

— Узлому не было, з маім акаўнтам у Telegram усё добра, — заявіў Вадзім Кабанчук «Люстэрку». — У мяне ўключаная двухфактарная верыфікацыя, якая робіць узлом немагчымым.

Са слоў Кабанчука, скрыншоты і фота дакументаў, якія з'явіліся ў канале сілавікоў, імаверна, былі ўзятыя імі з перапісак іншых карыстальнікаў Telegram або іншых месенджараў. 

Калі каментар Кабанчука быў апублікаваны, губазікаўцы абверглі яго словы, апублікаваўшы скрыншот перапіскі Кабанчука з журналісткай «Люстэрка» за 24 чэрвеня 2023 года. 

Выданне пацвердзіла, што гэта паведамленне сапраўднае. А паколькі акаўнт журналісткі дакладна не быў нікім узламаны, застаюцца пытанні да лічбавай бяспекі Кабанчука.

Nashaniva.com