Сын кашалька Лукашэнкі заняўся ў Беларусі аўтабізнэсам

Раман Зайцаў, сын Аляксандра Зайцава, якога называюць кашальком Лукашэнкі, заняўся ў Беларусі аўтабізнэсам. Яму належыць 50% кампаніі «Лакшэры Мотарс груп». Гэта афіцыйны прадстаўнік і эксклюзіўны дыстрыб’ютар кітайскага брэнда Shineray у Беларусі, пішуць расследавальнікі «Бюро».

09.01.2025 / 15:09

Арганізацыя зарэгістраваная ў мінскім бізнэс-цэнтры «Няміга-сіці», дзе якраз размяшчаюцца офісы кампаній, звязаных з праўладнымі бізнэсменамі Аляксандрам Зайцавым, Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вараб’ём.

«Лакшэры Мотарс груп» таксама валодаюць Павел Садоўнікаў (40%) і Аляксандр Гурскі (10%). Садоўнікаў валодае кампаніяй «Лакшэры Мотарс плюс». Гэта афіцыйны дылер GEELY ў Беларусі.

У верасні 2024 года Садоўнікаў расказаў выданню myfin.by пра тое, што кампанія запускае серыйную зборку Shineray у Беларусі. 

«На сёння пусканаладачная партыя ўжо сабраная, завершаны працэс сертыфікацыі, мы атрымалі вельмі важны для нас дакумент, які пацвярджае беларускую вытворчасць, — «сертыфікат уласнай вытворчасці», — казаў ён. 

Машыны збіраюцца на заводзе «Юнісон», які да гэтага займаўся зборкай іранскіх аўтамабіляў Samand у Беларусі.

Рашэнне збіраць аўтамабілі звязанае з «пэўнымі прэферэнцыямі», якія дае дзяржава для беларускай зборкі і якія адаб’юцца на канечным кошце аўтамабіля.

Nashaniva.com