Лукашэнка: Беларусы не плацяць за ваду столькі, колькі яна каштуе

Падчас урачыстага пуску артэзіянскай вады ў Мінску Лукашэнка раскрытыкаваў беларусаў за бесшабашнае стаўленне да рэсурсаў.

10.01.2025 / 13:02

Александр Лукашенко. Скриншот видео

Лукашэнка лічыць, што беларусы бесшабашна ставяцца да лясоў, зямлі, бытавых адкідаў і вады.

«Мяне больш за ўсё турбуе тое, што мы часам бесшабашна ставімся да тых рэсурсаў, якімі валодаем. Тое ж самае ў нас па цвёрдых бытавых адкідах. Тое ж самае ў нас па вадзе», — заявіў Лукашэнка. На яго думку, многія прывыклі лічыць ваду танным рэсурсам. Аднак гэта не так, піша БелТА.

«Вы, як ніхто іншы, разумееце, што гэта дарагая рэч — прасвідраваць свідравіну, падняць ваду, прапампаваць яе, яшчэ раз даачысціць», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў «Мінскводаканала».

Ён дадаў, што ўсё гэта датуецца з бюджэту, а беларусы, з ягоных слоў, недаплачваюць.

«Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе. Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы. Беражлівасць заўсёды была ўласцівая нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы», — адзначыў Лукашэнка.

Nashaniva.com