СБУ расказала, што стала вядома з допытаў узятых у палон паўночнакарэйскіх вайскоўцаў
Сілы спецаперацый Украіны ўзялі ў палон дваіх паўночнакарэйскіх салдат у Курскай вобласці, заявіў 11 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, абодва вайскоўцы параненыя, цяпер яны дастаўленыя ў Кіеў і праходзяць допыты. Служба бяспекі Украіны, у сваю чаргу, паведаміла, якія першыя вынікі гэтых допытаў.
11.01.2025 / 16:52
Фота: t.me/V_Zelenskiy_official
Палонныя не гавораць на ўкраінскай, англійскай або рускай мовах, таму камунікацыя з імі адбываецца праз перакладчыкаў карэйскай мовы ва ўзаемадзеянні з разведкай Паўднёвай Карэі.
На момант узяцця ў палон адзін з іншаземцаў меў пры сабе вайсковы білет расійскага ўзору, выдадзены на імя іншай асобы з рэгістрацыяй у расійскай Рэспубліцы Тыва. Другі наогул быў без дакументаў.
Фота: t.me/V_Zelenskiy_official
Фота: t.me/V_Zelenskiy_official
Падчас допыту вайсковец КНДР, у якога быў знойдзены білет, заявіў супрацоўнікам СБУ, што гэты дакумент яму выдалі ў Расіі восенню 2024 года. Тады, паводле яго слоў, частка баявых падраздзяленняў Паўночнай Карэі на працягу аднаго тыдня праходзіла зладжванне з расійскімі групоўкамі.
Сам ён заявіў, што нарадзіўся ў 2005 годзе, займаў пасаду стралка і праходзіў вайсковую службу ў Паўночнай Карэі з 2021 года. Пры гэтым палонны падкрэслівае, што ехаў нібыта на вучэнні, а не на вайну супраць Украіны.
Іншы ваеннапалонны пацвердзіў паказанні свайго суайчынніка. Частку адказаў на пытанні ён даваў пісьмова, паколькі ў яго траўмаваная сківіца. Паводле папярэдніх звестак, ён 1999 года нараджэння, а ў войску КНДР служыць з 2016 года на пасадзе снайпера-разведчыка.
УСУ ўпершыню ўзялі ў палон салдат з КНДР
Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата
Разведка Паўднёвай Карэі ацаніла страты КНДР у расійска-ўкраінскай вайне