Новы міністр унутраных спраў Літвы Кандратовіч: Культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь
У канцы 2024 года ў Літве пачаў працу новы ўрад, у якім адну з ключавых пасад заняў палітык-тэхнакрат Уладзіслаў Кандратовіч, які валодае ў тым ліку беларускай мовай. У сваім першым вялікім інтэрв’ю ён распавёў пра планы ў міграцыйнай палітыцы і погляды на нацыянальную бяспеку краіны.
12.01.2025 / 16:49
Міністр МУС Літвы Уладзіслаў Кандратовіч. Скрыншот відэа
Інтэрв'ю з міністрам апублікаваў YouTube-канал «Настоящее время»
Агульная гісторыя і блізкасць Літвы і Беларусі
Адной з першых тэм стала эканамічная міграцыя з Беларусі. Паводле Кандратовіча, Літва і Беларусь звязаны доўгай супольнай гісторыяй і цеснымі культурнымі сувязямі.
«Культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь. Агульная гісторыя, агульная культура, — падкрэсліў новы міністр. — Роднасныя сувязі вельмі вялікія, бо ў многіх грамадзян Літвы ёсць сваякі ў Беларусі. Так гістарычна склалася, такая шматвяковая гісторыя».
Разам з тым міністр адзначыў неабходнасць улічваць і магчымыя рызыкі для бяспекі дзяржавы. Па яго словах, галоўны прыярытэт — «стабільнасць краіны». Толькі пасля аналізу ўсіх фактараў спецслужбамі можна прымаць далейшыя рашэнні.
Паездкі расіян і беларусаў на радзіму: рызыка ці не?
Кандратовіч таксама закрануў дыскусію пра частыя паездкі грамадзян Расіі і Беларусі на радзіму.
«Шмат у чым усё залежыць ад таго, ці зможам мы кіраваць гэтымі працэсамі, — патлумачыў ён. — Ёсць выпадкі, калі ўладальнікі гуманітарных віз і ВНЖ часта наведваюць радзіму. Службы, якія лічаць гэта рызыкай, маюць падставы так думаць».
Ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні «першая роля належыць спецслужбам, другая — [МУС]».
Руская мова ў Дэпартаменце міграцыі
Асобна міністр адказаў на пытанне пра выкарыстанне рускай мовы пры здачы экзамену на вадзіцельскія правы ў Літве. Яго папярэдніца Агне Білатайце выступала за поўную адмову ад паслуг на рускай мове, называючы яе «мовай краіны-акупанта». Кандратовіч заняў больш узважаную пазіцыю.
«Інакш я не разумею, як можа функцыянаваць міграцыйны дэпартамент. Пры першым звароце, калі ў людзей няма агульнай з намі мовы, трэба знаходзіць спосабы камунікацыі. Я не бачу ніякіх праблем у тым, што Дэпартамент міграцыі працуе і на рускай. Мы не збіраемся змяняць існуючую практыку».