У Мінску смяротнасць ад каранавіруса заніжалі больш чым у 4 разы
Улады Беларусі ў разы заніжалі статыстыку захворвання і смяротнасці ад COVID-19. Арганізацыя BELPOL перадала «Белсату» некалькі злітых дакументаў, звязаных з нараджальнасцю і смяротнасцю ў Беларусі, а таксама колькасцю зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 і смерцяў ад каранавіруса.
13.01.2025 / 10:46
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Jean-Francois Badias
З кавідам непасрэдна звязаныя два дакументы. Першы — рэальная колькасць зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Беларусі з разбіўкай па абласцях, звесткі з пачатку 2020 года па 25 студзеня 2023 года. Другі — спіс памерлых з прычынамі смерці ад мінскага патолагаанатамічнага бюро з 25 сакавіка 2020 года па 2 лістапада 2021-га.
У колькі разоў занізілі статыстыку па кавідзе?
Статыстыка захворванняў, якую здабыў BELPOL, істотна адрозніваецца ад той, што публікавала Міністэрства аховы здароўя.
Не супадае нават форма графікаў захворванняў: агульнае між афіцыйнай і рэальнай статыстыкай хіба тое, што пік захворванняў прыпаў на люты 2022 года.
Новыя выпадкі COVID-19, выяўленыя ў Беларусі на дзень. Зялёным — што паведамляла Міністэрства аховы здароўя. Чырвоным — што было ў здабытай BELPOL рэальнай статыстыцы. Графік: «Белсат»
Рэальнай статыстыкі зарэгістраванай смяротнасці ад кавіду па ўсёй краіне даведацца пакуль не ўдалося. Ды BELPOL падзяліўся з «Белсатам» звесткамі пра смяротнасць у Мінску. Выходзіць такая статыстыка колькасці смерцяў з пазнакай прычыны «B 97.2» — «Каранавірусы як прычына хваробаў».
Смерцяў у Мінску з пазнакай прычыны «B 97.2» — «Каранавірусы як прычына хваробаў». Графік: «Белсат»
Сумарна ад 25 сакавіка 2020 года па 2 лістапада 2021-га ў Мінску зарэгістравалі 5605 смерцяў ад каранавіруса. У той жа час зарэгістравалі (па-сапраўднаму, не ў афіцыйнай статыстыцы, якую публікавала Мінздароўя) 380 801 выпадак COVID-19 у Мінску і 1 348 435 выпадак па ўсёй Беларусі.
Можна прыблізна падлічыць, колькі было смерцяў агулам па Беларусі. Калі ў Мінску было 28,24% ад усіх выпадкаў кавіду па Беларусі і калі суадносіны смерцяў ад кавіду былі такімі ж, то выходзіць, што па ўсёй Беларусі на 2 лістапада 2021 года каранавірус быў запісаны прычынай смерці ў прыблізна 19 848 чалавек.
«Лечаць пад капірку, пра кавід не гавораць» — беларусы пра сітуацыю з сезоннымі захворваннямі
Статыстыка смяротнасці ў Мінску сканчаецца перад самым вялікім пікам зарэгістраваных захворванняў і смяротнасці ад кавіду: як у Беларусі, так і ў свеце ён прыпаў на люты 2022 года — імаверна, праз пашырэнне вакцынацыі і імунітэту, а таксама распаўсюд менш летальных штамаў каранавірусу.
Ды можна падлічыць скажэнне статыстыкі Міністэрствам аховы здароўя і прыблізна даведацца, якой была б нескажоная статыстыка.
На 2 лістапада 2021 года (апошняя дата ў дасяжных звестках мінскага патолагаанатамічнага бюро) Мінздароўя заяўляла, што ў Беларусі агулам зарэгістравалі 604 037 выпадкаў COVID-19 і смерці 4662 інфікаваных.
Зарэгістраваныя захворванні заніжаныя ў 2,23 раза ў параўнанні з сапраўднай статыстыкай, якую здабыў BELPOL, а зарэгістраваная смяротнасць па краіне, імаверна (калі ў Мінску і рэшце краіны суадносіны хваробаў і смерцяў былі аднолькавымі), заніжаная ў 4,26 раза.
5 ліпеня 2022 года Мінздароўя апошні раз паведаміла сваю версію кавіднай статыстыкі: зарэгістравана 994 037 выпадкаў COVID-19 і 7118 смерцяў інфікаваных. У параўнанні з сапраўднай статыстыкай захворванні заніжаныя ў 2,09 раза — амаль у столькі ж, у колькі занізілі на 2 лістапада 2021 года. Калі лічыць, што смяротнасць занізілі, як і раней, у 4,26 раза, то выходзіць, што зарэгістраваных смерцяў інфікаваных было каля 30,3 тысячы.
Імаверна, у Беларусі зарэгістравалі каля 30 тысяч смерцяў ад кавіду за першыя два з паловай гады пандэміі.
На 25 студзеня 2023 года — апошнюю дату ў здабытай «BELPOL» статыстыцы захворванняў — па Беларусі было зарэгістравана 2 185 065 выпадкаў кавіду. На той дзень Мінздароўя ўжо паўгода не публікавала сваёй статыстыкі, а зарэгістраваная смяротнасць ад кавіду істотна знізілася ў Беларусі і ва ўсім свеце. Ды ключавое слова — «зарэгістраваныя».
Зарэгістраваныя прычыны смерці не маюць значэння. Глядзець трэба на надмерную смяротнасць — і з ёй жах
«Кіберпартызаны» атрымалі базу звестак пра прычыны смерці па ўсёй Беларусі — не толькі па Мінску. Прадстаўнік «Кіберпартызанаў» сказаў «Белсату», што гэтыя звесткі апрацоўваюць і неўзабаве зробяць публікацыю наконт гэтага.
Ды прадстаўнік «Кіберпартызанаў» адзначыў, што колькасць памерлых з пазнакай прычыны «B 97.2» на самой справе не мае значэння: гэтую прычыну смерці пісалі «вельмі абмежавана», лекарам проста забаранялі пісаць сапраўдную прычыну — і ў памерлых ад кавіду прычынай смерці можа быць запісаная хвароба сэрца, дыябет ці штосьці іншае. Гэта ўскосна пацвярджаецца дакументам Мінздароўя, якім з «Белсатам» падзяліўся BELPOL: у параўнанні з 2015 годам, у 2022 годзе ў структуры прычынаў смерці ў Беларусі стала на 5,3 адсоткавага пункта больш хваробаў сістэмы кровазвароту (да якіх кавід не адносіцца), а долі смерцяў ад рэшты прычынаў знізіліся.
Глядзець варта на надмерную смяротнасць, то бок перавышэнне звычайнага «дакавіднага» ўзроўню смяротнасці, кажуць «Кіберпартызаны». Здабытыя звесткі яны яшчэ апрацоўваюць.
Але маштабы можна ўявіць з ранейшых ацэнак: у 2022 годзе ў навуковым часопісе «Lancet» група навукоўцаў апублікавала ацэнкі надмернай смяротнасці ў розных краінах за 2020—21 гады. Паводле гэтых падлікаў, за два першыя гады пандэміі ў Беларусі надмерная смяротнасць склала каля 85,6 тысячы чалавек (дыяпазон — ад 81,6 да 93,4 тысячы). Гэта ў 15,35 раза больш за колькасць смерцяў ад кавіду, якую прызнала на 31 снежня 2021 года Міністэрства аховы здароўя Беларусі. І калі лічыць на душу насельніцтва, гэта адзін з найгоршых паказнікаў у Еўропе: каля 483,1 смерці на 100 тысяч насельніцтва. Горш толькі ў Паўночнай Македоніі (583,6) і Балгарыі (647,3). Паказнік Беларусі — між Перу і Ліванам, у 4 разы большы за сярэдні па свеце.
Пасля гэтага каранавірус не перастаў забіваць. На пачатак 2022 года ў свеце зарэгістравалі 5,5 млн смерцяў ад кавіду, на сёння вядома пра 7 млн зарэгістраваных смерцяў ад кавіду па ўсім свеце. Калі надмерная смяротнасць у Беларусі мянялася прыблізна так жа, як колькасць зарэгістраваных смерцяў ад кавіду па свеце, то за 2020—24 гады надмерная смяротнасць у Беларусі можа дасягаць 109 тысяч чалавек. Калі яшчэ не больш.
109 тысяч памерлых — страты, параўнальныя са стратамі Расіі ў вайне супраць Украіны.
Афіцыйна Расія не раскрывае свае страты, Украіна ж паведамляе пра страты Расіі разам забітымі і цяжка параненымі (на сёння гэта больш за 800 тысяч чалавек). Ды журналісты «Медиазоны» і «BBC» сабралі імёны 84 761 загінулага расейскага вайскоўца, а на падставе колькасці справаў аб спадчыне лічаць, што на вайне ва Украіне агулам загінула не менш як 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў (разлікі на чэрвень 2024 года). То бок, два з паловай гады нападу на Украіну прынеслі Расеі прыблізна столькі ж смерцяў, колькі прынеслі Беларусі чатыры гады кавіду.
У Беларусі не толькі надзвычайная смяротнасць, але і надзвычай нізкая нараджальнасць
Беларусь губляе насельніцтва не толькі ад каранавірусу, але і ад эміграцыі, і ад нізкай нараджальнасці. Яшчэ нядаўна насельніцтва Беларусі было як у Аўстрыі ці Швейцарыі, але ўжо меншае, чым у Сьера-Леонэ: Камітэт дзяржаўнага кантролю ў адным са здабытых BELPOL дакументаў называў статыстыку, з якой вынікае, што ў Беларусі ў лістападзе 2024 года заставалася каля 8,78 млн чалавек.
Улады ведаюць, што з дэмаграфіяй у Беларусі бяда. BELPOL здабыў і перадаў «Белсату» аналітыку Мінздароўя аб дэмаграфіі ў 2015—2022 гадах, з якой вынікае, што ў Беларусі з 2017 года няспынна падае нараджальнасць — і што кавід прынёс скачок смяротнасці. У раней здабытай BELPOL справаздачы Мінздароўя за 2023 год пісалі, што нараджальнасць у тым годзе ўпала да рэкордна нізкіх 6,96 народжаных дзяцей на 1000 чалавек. Нават у 1990-я, якімі пужае беларусаў Аляксандр Лукашэнка, гэты паказнік не апускаўся ніжэй за 8,7.
Зялёным: нараджальнасць на 1000 чалавек. Чырвоным: смяротнасць на 1000 чалавек. Чорным: натуральныя страты насельніцтва на 1000 чалавек. Выява: «Белсат»