БЕЛ Ł РУС

Грамадства

«Перагорнем старонку рознагалоссяў». Што абяцае Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме

14.01.2025 / 15:30

Nashaniva.com

На 31-м годзе праўлення Аляксандр Лукашэнка апублікаваў чарговую перадвыбарчую праграму. Ён гаворыць, што ў 1994 годзе краіне было прасцей, чым цяпер, абяцае накіраваць свае намаганні на аднаўленне дыялогу з Захадам, а таксама на навядзенне мастоў унутры грамадства. Беларусь жа, азірнуўшыся на выбары 2020 года, называе «краінай, у якой хочацца жыць», «краінай для народа».

Моцна адфаташоплены партрэт Аляксандра Лукашэнкі, якім суправадзілі перадвыбарчую праграму

Лукашэнка, падводзячы вынікі мінулых гадоў, кажа, што «мы выйшлі больш моцнымі з такіх выпрабаванняў, як пандэмія, беспрэцэдэнтныя санкцыі, спробы расхістаць нас знутры».

Але цяпер — новыя выклікі: «Калі ў 1994-м была задача адвесці народ ад сацыяльна-эканамічнага краху, дык цяпер трэба ўтрымаць свет ад фатальнай бездані вайны». Лукашэнка дадае, што нельга дапусціць, каб беларусы паміралі маладымі за чужыя інтарэсы. А галоўную задачу бачыць у тым, каб захаваць Беларусь «устойлівай і незалежнай».

Каб зберагчы краіну, паводле Лукашэнкі, патрэбная моцная ўлада. «Роля Прэзідэнта прымаць стратэгічна вывераныя рашэнні», — піша ён.

Для бяспекі і незалежнасці краіны неабходная моцная эканоміка. Для гэтага «патрэбны новыя тэхналогіі, канкурэнтаздольныя вытворчасці, высокая якасць, нулявая бюракратыя і канчатковае выкараненне карупцыі», — зноў звяртаецца кандыдат да свайго тэзісу пра карупцыю, які некалі і зрабіў яго знакамітым.

Таксама Лукашэнка абяцае рэгіёнам — раўнамернае развіццё; Узброеным сілам — вытворчасць перадавога ўзбраення; сельскай гаспадарцы — высокатэхналагічнасць і прэстыжнасць; усім — дэбюракратызацыю, кожнаму — «усе неабходныя ўмовы для таго, каб разняволіць ініцыятыву, дапамагчы выбудаваць свой жыццёвы шлях і самарэалізавацца».

Узамен Лукашэнка патрабуе згуртаванасці грамадства і маналітнасці нацыі.

«Беларускае грамадства павінна быць адзіным. З кім не атрымліваецца гаварыць на адной мове, будзем наладжваць масты для ўзаемаразумення. Дыялог, а не раскол; пошук шляхоў да выбудоўвання адносін. На сумленных прынцыпах перагорнем старонку рознагалоссяў», — абяцае ён.

Лукашэнка ў сваёй праграме расказвае выбарцу, што ў краіну ўжо вярнулася грамадска-палітычная актыўнасць. «Сфарміраваныя новыя каналы грамадска-палітычнай актыўнасці, перш за ўсё Усебеларускі народны сход, забяспечваюць удзел кожнага ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў, выказванні меркавання», — кажа кандыдат.

Лукашэнка абяцае «прагматычную знешнюю палітыку з акцэнтам на гандлёва-эканамічныя адносіны».

Акрамя працягнення курсу на паглыбленне стратэгічнага партнёрства з Расійскай Федэрацыяй і Кітайскай Народнай Рэспублікай, ён абяцае накіраваць «свае намаганні на аднаўленне дыялогу з Захадам і нармалізацыю адносін з суседзямі, перарваных не па нашай віне і не па нашай ініцыятыве».

«Беларусь дзяржава для народа, краіна, у якой хочацца жыць», — сцвярджае Лукашэнка.

«У аснове ўлады заўсёды была воля народа, яго патрэбы і глыбінная падтрымка», — заяўляе ён.

«Прывабныя ўмовы жыцця грамадзян павінны стаць візітнай карткай Беларусі», — дадае ён.

І абвяшчае свае абяцанні ў сацыяльнай сферы:

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула