Адмова ад NATO і 20% тэрыторыі Украіны: Стала вядома пра ўмовы Пуціна на перамовах
Згодна з данымі амерыканскага выдання Bloomberg, Расія будзе патрабаваць ад Украіны разарваць ваенныя сувязі з НАТА і стаць нейтральнай краінай з абмежаванай арміяй. Гэтыя ўмовы стануць ключавымі на любых перамовах з будучым прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляюць крыніцы, знаёмыя з гэтым пытаннем.
16.01.2025 / 07:51
Скрыншот відэа
Як адзначае Bloomberg, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін «поўны рашучасці» дабіцца, каб Кіеў ніколі не далучыўся да NATO і меў абмежаваныя ваенныя магчымасці. Пра гэта журналістам на ўмовах ананімнасці паведамілі людзі, якія «ведаюць пазіцыю Крамля».
Адначасова Масква нібыта не будзе выступаць супраць паставак зброі Кіеву асобнымі краінамі NATO, але рашуча супраць таго, каб гэтая зброя выкарыстоўвалася супраць Расіі ці для вызвалення акупаваных тэрыторый. Акрамя таго, крыніцы выдання адзначаюць, што Пуцін настойвае на захаванні кантролю над прыблізна 20% тэрыторыі Украіны, уключаючы акупаваны Крым.
Таксама Крэмль нібыта адкрыты для пытання «абмену некаторымі тэрыторыямі». Якія менавіта тэрыторыі маюцца на ўвазе, не ўдакладняецца. Магчыма, гаворка ідзе пра Курскую вобласць Расіі, якую з 6 жніўня 2024 года часткова кантралююць украінскія войскі.
Суразмоўцы Bloomberg ва Украіне адзначаюць, што цяпер перамовы паміж Кіевам і Масквой абмяжоўваюцца толькі абменам палоннымі і вяртаннем дэпартаваных дзяцей.