На разгромленым дзяржавай прадпрыемстве Лукашэнка заявіў, што гатовы ўсяляк дапамагаць прыватнаму бізнэсу
Заяву Лукашэнка зрабіў на Мотавелазаводзе, уладальніка якога ў 2017 годзе прысудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй актываў за адмову перадаць у дар дзяржаве акцыі «Мотавела».
16.01.2025 / 12:28
У Беларусі ніхто не настроены супраць прыватнай вытворчасці, сказаў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы з супрацоўнікамі прадпрыемстваў у сталічным тэхнапарку.
«Трэба пашыраць вытворчасць. І мы гэтым прыватнікам будзем дапамагаць. Усяляк будзем дапамагаць», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Паводле яго слоў, у рэспубліцы няма «якіх-небудзь настрояў, накіраваных супраць прыватнай вытворчасці, і не з'явіцца ў будучым». Аднак, дадаў ён, гэта датычыцца прыватных прадпрыемстваў, «якія працуюць, плацяць падаткі і плацяць нармальны заробак, прадаюць прадукцыю».
Сваю заяву Лукашэнка зрабіў у тэхнапарку, у склад якога ўваходзіць і Мотавелазавод.
Беларускі прадпрымальнік Аляксандр Мураўёў, які жыў і меў холдынг у Аўстрыі, доўгі час фармальна быў адным з найбуйнейшых аўстрыйскіх інвестараў у Беларусі.
У 2015 годзе ўлады Беларусі рэзка спынілі ягоную прадпрымальніцкую дзейнасць: пасля таго як ён адмовіўся перадаць у дар дзяржаве акцыі «Мотавела», што належаць ATEC Investment GmbH, КДБ 1 чэрвеня 2015 года змясціў яго ў сваю турму. Усяго Мураўёву давялося правесці там больш за тры гады.
Акрамя як у падатковых правапарушэннях, бізнэсоўца абвінавачвалі ў невыкананні інвестыцыйных планаў на «Мотавела». Мураўёў палічыў абвінавачванні сфабрыкаванымі. Тым не менш у 2017 годзе яму прысудзілі агулам 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй актываў. Прытым суд у Мінску не толькі канфіскаваў прыватныя актывы Мураўёва, але і экспрапрыяваў акцыі, што належалі не яму, а звязанай з ім аўстрыйскай холдынгавай кампаніі.
Аляксандр Мураўёў з памятнымі адзнакамі «Мотавела» ў Дубаі, 25 студзеня 2024 года
Агулам Мураўёў і аўстрыйская холдынгавая кампанія, што за той час была ліквідаваная, страцілі велізарныя сумы. Гаворка ідзе пра суму ад 40 да 274 мільёнаў еўра. Да арышту ягоная група мела гадавы абарот 200 мільёнаў еўра.
У інтэрв’ю APA Аляксандр Мураўёў расказаў, што, акрамя збіцця ў СІЗА КДБ, яму пагражалі забойствам.
«Яны сказалі мне, што я магу лічыць, што мяне ўжо няма ў жывых і што мае дзеці нават не знойдуць маёй магілы», — сказаў ён. Гэта быў сур’ёзны ціск, заявіў прадпрымальнік.
Яшчэ да выніковага прысуду ў 2017 годзе Лукашэнка публічна заявіў, што пагражаў Мураўёву турмою, калі той не пойдзе на ягоныя ўмовы.