У Сібіры ў вагоне шукалі выбухоўку, а знайшлі змучанае напалоханае кацяня
Ва Улан-Удэ чыгуначнікі выратавалі ката. Прычым падзеі разгортваліся амаль у дэтэктыўным жанры.
16.01.2025 / 12:39
Спачатку ў вагоне з вугалем з дапамогай аўтаматычнай сістэмы агляду выявілі заплечнік. Вагон давялося адчапіць ад саставу, да яго накіравалі кінолагаў. Службовы сабака часткова зняў стрэс у людзей, не выявіўшы выбухоўкі. Аднак асабісты сабачы інтарэс да знаходкі ўсё ж праявіўся.
Супрацоўнікі транспартнай міліцыі выявілі ў заплечніку напалоханае кацяня. Судзячы па яго змучаным выглядзе, яно праехала не адну сотню кіламетраў (адлегласць ад Кемерава да Улан-Удэ — 2000 км): вагон ехаў з Кузбаса на Далёкі Усход.
Пушыстага спадарожніка адвезлі ў ветклініку, а потым яго забраў да сябе адзін з супрацоўнікаў вакзала Улан-Удэ.