На Новы год сілавікі зладзілі ператрус у бабулі былога журналіста «Белсата»

Беларускія сілавікі надалей прыходзяць з ператрусамі да былога журналіста Сяргея Скулаўца, які ўжо з 2023 года не жыве ў Беларусі. А яму самому яны прапаноўваюць вярнуцца, паведамляе «Белсат».

16.01.2025 / 14:36

Фота з фэйсбука Сяргея Скулаўца

Як распавёў Сяргей Скулавец «Белсату», на Новы год сілавікі зладзілі яшчэ адзін ператрус у ягонай 86-гадовай бабулі, якая жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёну.

«31-га вечарам зноў прыехалі з ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся следчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся з міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесці пра тое, што калі я надумаю вяртацца, то трэба звярнуцца ў камісію памілавання. Ён распавёў гэта маме і папрасіў яе перадаць мне», — сказаў былы журналіст.

Паводле яго, бабуля замкнула весніцы, дык міліцыянт пераскокваў праз плот.

30 лістапада Скулавец ужо паведамляў, што «клоўны ў форме, якія носяць пагоны і называюць сябе следчымі і работнікамі КДБ», прыйшлі з ператрусам да ягонай бабулі.

«Сутнасць прэтэнзіяў і нагода ператрусу з боку клоўнаў засталася невядомай, але няўрымсліва шукаюць мяне. Перагледзелі мабільнікі, задавалі нейкія пытанні, а потым самыя ж на іх адказвалі і нешта запісвалі. Бацька ж сказаў, што ў гэтым доме няма аніякіх маіх рэчаў, але гэта клоўнаў зусім не цікавіла», — адзначаў былы журналіст.

Сяргей Скулавец пакінуў Беларусь у чэрвені 2023 года, атрымаўшы папярэджанне аб рыхтаваным затрыманні, і пераехаў у ЗША.

Nashaniva.com