У МЗС Польшчы адрэагавалі на словы Лукашэнкі пра Пачобута
16 студзеня падчас наведвання Мінскага тэхнапарка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшча адмовілася «нават весці размовы» пра вызваленне журналіста газеты «Gazeta Wyborcza» Анджэя Пачобута
16.01.2025 / 14:57
Анджэй Пачобут. Фота: sb.by
— Што датычыцца Пачобута, тут нават няма пра што размаўляць. Я шчыра вам кажу, як чалавек, які інфармаваны: яны адмовіліся ад Пачобута. Польскі бок адмовіўся весці нават размовы па Пачобуту, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што, паводле яго інфармацыі, сам Пачобут не хоча пакідаць Беларусь і пераязджаць у Польшчу.
Прэс-сакратар польскага МЗС заявіў, што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоў з беларускай уладай пра вызваленне Анджэя Пачобута.
— Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё, ён павінен вызваліць яго з турмы, — сказаў Павел Уронскі ў каментары «Люстэрку». — Анджэй Пачобут — горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць вольным чалавекам у вольнай краіне і жыць там, дзе сам жадае.
Што датычыцца слоў Лукашэнкі пра нежаданне Пачобута пакідаць Беларусь, яшчэ ў жніўні мінулага года стала вядома, што палітвязень гатовы з'ехаць. Пра гэта заяўляла кіраўніца Саюза палякаў Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам вясной 2024 года.
— Я прасіла яго разгледзець магчымасць выезду з краіны, калі такая магчымасць з'явіцца. Ён мне адказаў: калі ты лічыш, што гэта правільна, я гэта зраблю. Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну, — казала Анжаліка Борыс.
Лукашэнка заявіў, што Польшча адмовілася нават весці размовы пра Анджэя Пачобута
Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм